Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Падзяка біскупа Аляксандра Яшэўскага пасля кансэкрацыі

27 чэрвеня 2015 г., мінскі архікатэдральны касцёл

Глыбокапаважаны Апостальскі Нунцый у Беларусі, арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці,
Ваша Эксцэленцыя, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш,
Глыбокапаважаныя сабраты ў біскупскім, святарскім і законным служэнні,
Шаноўны Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек,
Шаноўныя кансэкраваныя асобы, асабліва дарагая Салезіянская Сям'я і яе настаяцелі,
Глыбокапаважаны прадстаўнік Праваслаўнай Царквы, айцец Аляксандр Шымбалёў,
Шаноўны пастар Евангелічна-лютэранскай супольнасці Уладзімір Татарнікаў,
Паважаныя прадстаўнікі свецкай улады, асабліва з Мінска і Магілёва,
Шаноўныя прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу,
Дарагія мама і тата, сястра Наталля з сям’ёй, родныя, блізкія і знаёмыя,
Дарагія дзеці і моладзь, браты і сёстры!

“Велічае душа мая Пана, і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцу”.

Гэтымі словамі Найсвяцейшай Панны Марыі хачу праслаўляць Пана і дзякаваць Яму сёння за тыя вялікія рэчы, якія ўчыніў для мяне. Як заўсёды, Бог глядзіць і выбірае тое, што ў свеце ёсць слабое (пар. 1 Кар 1, 27), каб нагадаць нам, што ўсе мы патрабуем Яго ласкі (пар. 2 Кар 12,  9), што “вялікія справы” (Лк 1, 49) не мы, але Ён, Бог Міласэрны, сам здзяйсняе ў нас.

Дзякую Табе, Пане, за тое, што працягваеш выбіраць, клікаць і пасылаць на служэнне свайго сына. Таямніца паклікання, асабліва апостальскага паклікання, — гэта Твая свабодная ініцыятыва і Твой знак бясконцай любові да чалавека, бо яго лёс Табе, Пане, не абыякавы.

У мяне ёсць толькі адно жаданне: каб сапраўды выканаць волю Бога, Айца і Збаўцы. Адно чаканне: глыбей пазнаць самому і абвяшчаць іншым Сына Божага. Адна смага: насычацца асалодай і радасцю Духа Святога. Таму сёння з усім Касцёлам у яго Мінска-Магілёўскай частцы прашу дапамагчы мне жыць і служыць для гэтага, і толькі для гэтага.

Дазвольце мне цяпер падзякаваць, як і належыць у гэты момант, людзям, якім я найбольш абавязаны.

Дзякую Святому Айцу, Папу Францішку, які пажадаў далучыць мяне да калегіі пераемнікаў апосталаў і даў мне так шмат прыкметаў сваёй прыхільнасці і даверу. Яго вучэнне і асабісты прыклад евангельскага сведчання сціпласці, прастаты і радасці будуць святлом для мяне. Са свайго боку, прыкладу ўсе намаганні, каб апраўдаць давер Пантыфіка і ў лучнасці са Святым Айцом клапаціцца, каб радасць Евангелля абвяшчалася заўсёды.

Дзякую Апостальскаму Нунцыю ў Беларусі, арцыбіскупу Клаўдыё Гуджэроцці, што ўзначаліў біскупскае пасвячэнне і праз накладанне рук і кансэкрацыйную малітву перадаў мне апостальскую сукцэсію. Дзякую Вам за словы айцоўскага настаўлення, з якімі Вы звярнуліся да мяне, а таксама і да ўсіх прысутных. Ваш асабісты клопат пра наш беларускі народ і жывая любоў да Касцёла годныя, каб наследаваць у біскупскім жыцці і служэнні.

Дзякую асістуючым біскупам, з якімі я асабіста вельмі моцна злучаны.

Наш Мітрапаліт, арцыбіскуп Тадэвуш, быў першым біскупам, якога я пазнаў і меў магчымасць не толькі 25 год таму назад прыняць з яго рук сакрамэнт канфірмацыі, але і зблізку, калісці ў Маскве, а пасля тут, у Мінску, назіраць за яго адданым і адважным служэннем Богу, Касцёлу, які адраджаецца, і тым, хто давераны ягонай пастырскай апецы. Для мяне сапраўдны гонар быць дапаможным біскупам архідыяцэзіі, дзе Вы, Эксцэленцыя, з’яўляецеся Пастырам, і пад Вашым чуйным, вопытным вокам рабіць свае першыя крокі. Дзякую Вам за давер і за запрашэнне раздзяліць клопат біскупскага служэння, асабліва на Магілёўшчыне. Няхай Бог адорыць Вас, Эксцэленцыя, неабходнымі ласкамі і ўзнагародзіць Вашае служэнне.

Дзякую гродзенскаму ардынарыю, біскупу Аляксандру, які 15 гадоў таму, 24 чэрвеня, удзяліў мне прэзбітэрскае пасвячэнне, а сёння асіставаў пры маёй біскупскай кансэкрацыі. Дзякую, Эксцэленцыя, за Ваш асабісты прыклад Біскупа-Айца, які ад пачатку майго святарскага служэння на Гродзеншчыне, адкуль паходжу, адорвалі даверам, сваёй падтрымкай і клопатам. Няхай Добры Бог за ўсё добрае Вам адудзячыць.

Дзякую ўсім прысутным біскупам, асабліва біскупам беларускага епіскапату, за ўдзел ва ўрачыстасці пасвячэння, падчас якой я атрымаў біскупскую сакру, за вашу добразычлівасць, разуменне і прыняцце “наймалодшага” брата ў наш епіскапат. Ваш вопыт старэйшых братоў будзе святлом і парадай на маім шляху.

Дзякую Апостальскаму візітатару для грэка-католікаў Беларусі архімандрыту Сяргею Гаеку за яго прысутнасць і дар супольнай малітвы.

Сённяшняя ўрачыстасць у Год кансэкраванага жыцця і юбілейны год 200-годдзя з дня нараджэння святога Яна Боско стала сапраўдным святам малітвы і братэрскай сустрэчы прадстаўнікоў законнікаў і законніц у Беларусі. Дзякую вам за салідарнасць з біскупам-законнікам і прашу надалей вашай малітоўнай і харызматычнай падтрымкі ў маім служэнні.

Дзякую таксама і дыяцэзіяльным святарам з розных дыяцэзій нашай краіны за прыбыццё на кансэкрацыю і супрацоўніцтва. Спадзяюся і надалей на нашае плённае служэнне Богу і людзям, для якіх з’яўляемся пастырамі.

Дзякую асабліва святарам і кансэкраваным асобам з Магілёўшчыны за прысутнасць і малітоўнае суправаджэнне маёй асобы. Напэўна, 5 ліпеня ў мяне будзе магчымасць асабіста з вамі пазнаёміцца і выказаць словы ўдзячнасці.

Дзякую дэкану Магілёўскаму і пробашчу катэдральнай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава ксяндзу Юрыю Быкаву і ксяндзу дэлегату Віктару Гайдукевічу за суправаджэнне мяне да алтара падчас кансэкрацыі.

Сёння з глыбіні свайго салезіянскага сэрца складаю маю вялікую ўдзячнасць Генеральнаму настаяцелю салезіянаў, на рукі маіх настаяцеляў, за ўсё тое, што атрымаў ад маёй кангрэгацыі, выхаванне, адукацыю, пастырскі досвед, прыгажосць супольнага жыцця і дзеяння, пражытыя разам радасці і цяжкасці, сяброўства. Дзякую за тое, кім стаў, гэта заслуга харызматычнай сутнасці нашай Салезіянскай Сям’і і працы шматлікіх выхаваўцаў, выкладчыкаў, настаяцеляў і сабратоў. Прашу вас і надалей падтрымліваць мяне, як свайго сабрата, малітоўна суправаджаючы маё новае служэнне, і мець заўсёды на ўвазе, што Магілёўшчына чакае вас!

Я вельмі ўдзячны за ўдзел у гэтай урачыстасці прадстаўніку Праваслаўнай Царквы, айцу Аляксандру Шымбалёву. Для нас, католікаў і праваслаўных, вельмі важна ў сучасным свеце, дзе ідзе барацьба за хрысціянскія каштоўнасці і маральныя нормы, як мага больш аб’яднацца, бо толькі ў еднасці сіла і толькі разам можна супрацьстаяць тым выклікам, перад якімі стаіць хрысціянства. Са свайго боку буду імкнуцца і там, на Магілёўшчыне, ствараць добразычлівасць і адзінства з нашымі праваслаўнымі братамі і сёстрамі.

Прысутнасць прадстаўніка Лютэранскай Царквы, пастыра Уладзіміра, таксама знак таго, што экуменічны дыялог у нашай краіне мае сваё развіццё. Спадзяюся, што і надалей будзем супольна працаваць, каб малітва Хрыста аб адзінстве стала рэчаіснасцю.

Дзякую таксама і прадстаўнікам свецкай улады за прысутнасць і тыя словы віншавання, якія я ўжо атрымаў. Прабачце мне, калі я не пералічу кожнага з вас. Выказваю сваю павагу да вашага служэння, якое вядзе да агульнага дабра нашага народа. Супольнасць Касцёла моліцца за вас, каб вы заўсёды маглі як мага лепш служыць. Грамадзянская супольнасць спадзяецца на вас. І цяжкасці, якія вы спатыкаеце, таксама шматлікія. Таму, аб’яднаўшы нашыя сілы, мы можам фармаваць грамадства на фундаменце хрысціянскіх каштоўнасцяў, што накіроўвае і робіць якаснымі культурныя і грамадскія заданні і дапамагае людзям нашага народа стаць «добрымі хрысціянамі і сумленнымі грамадзянамі».

Дзякую прадстаўнікам дыпламатычнага корпусу, якія ўганаравалі гэту ўрачыстасць прысутнасцю і сумеснай малітвай. Няхай Бог адудзячыць вам за дыпламатычнае служэнне на карысць нашага народа. і спадзяюся на плённае супрацоўніцтва ў магілёўскай частцы нашай краіны.

Маё сэрца сына і брата ў гэты момант хоча падзякаваць маім тут прысутным бацькам, маме і тату, а таксама маёй сястры Наталлі з сям’ёй. Дзякую вам за тыя чалавечыя і духоўныя якасці, якія вы мне перадалі з дзяцінства. За вашу любоў, павучэнне і бацькоўскі клопат. Немалая заслуга ў тым, што адбываецца з волі Божай у маім жыцці, належыць і вам. Напэўна, ніколі не змагу дастаткова адудзячыць вам, мае дарагія і каханыя бацькі. Таму працягваю маліцца за вас і, па магчымасці, сваёй прысутнасцю раздзяляць вашае жыццё. Няхай гэты букет стане сімвалам маёй сыноўняй удзячнасці, любові і адданасці вам, тата, мама і сястра, а таксама ў вашых асобах усім маім родным і блізкім.

Я абавязаны таксама выказаць словы ўдзячнасці тым парафіяльным супольнасцям, дзе служыў і прадстаўнікі якіх, разам са сваімі душпастырамі, сёння прысутнічаюць тут. Дзякую маёй роднай смаргонскай парафіі за прысутнасць і дар супольнай малітвы. Дзякую парафіі Св. Яна Хрысціцеля ў Серабранцы, дзе мяне спаткала намінацыя. Я вельмі ўдзячны бараўлянскай парафіі Марыі Успамогі Хрысціянаў за ўдзел у сённяшняй урачыстасці. А таксама пробашчам і вернікам парафій у Барунах і Жупранах, дзе служыў як пробашч. Няхай Добры Бог адудзячыць вам за малітву і адорыць сваімі шматлікімі ласкамі.

Вельмі шмат людзей клапацілася аб тым, каб сёняшняя ўрачыстасць была прыгожай. Дзякую ім усім, а асабліва пробашчу катэдры ксяндзу Антонію Клімантовічу. Цырымоніймайстару ксяндзу дэкану Яну Крэмісу разам з дыяканамі. На рукі рэктара семінарыі ў Пінску ксяндза Яна Саламона складаю падзяку семінарыстам за літургічную абставу літургіі пасвячэння. Дзякую хору архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі і яе кіраўніку спадару Уладзіміру Неўдаху. Дзякую святарам Юрыю Санько і Віталію Бурко за тэхнічную дапамогу. І маім сабратам з мінскай і бараўлянскай супольнасці на рукі Інспектарыяльнага дэлегата ксяндза Віктара Гайдукевіча складаю сваю ўдзячнасць за арганізацыю і чуванне над падрыхтоўкай і правядзеннем гэтай урачыстасці.

Дзякую ўсім тут прысутным. Пачынаючы ад дзяцей і моладзі, людзей старэйшага і сярэдняга пакалення, мужчын і жанчын. Божага вам благаслаўлення і апекі Маці Божай на кожны дзень.

Пахвалёны Езус Хрыстус!

✠Аляксандр Яшэўскі, S.D.B.

Адноўлена 27.06.2015 20:50
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску