Папа Бэнэдыкт XVI акрэсліў шляхі барацьбы з голадам у свеце |
Святы Айцец |
19.10.2009 13:24 |
Папа падкрэсліў, што міжнародная супольнасць павінна прыняць тэрміновыя меры, каб «штодзённа забяспечваць хлебам» жыхароў бедных краін. Па словах Святога Айца, як паведаміла 19 кастрычніка 2009 г. інфармацыйнае агенцтва «Интерфакс», сельскую гаспадарку трэба разглядаць як фундаментальны элемент харчовай бяспекі ў свеце. Таму сельская гаспадарка павінна атрымліваць неабходны аб’ём інвестыцый і мець адпаведныя ўмовы для развіцця. «Для дасягнення гэтых мэтаў неабходна змяніць уклад жыцця і мысленне. Міжнародная супольнасць і яе ўстановы павінны больш актыўна ўмешвацца ў гэты працэс», — дадаў Пантыфік. Голад, як адзначыў Бэнэдыкт XVI, можна перамагчы толькі праз ліквідацыю праблем, што яго выклікаюць, а таксама шляхам развіцця найбольш бедных краін, дапамогі сельскім раёнам, фінансавання сістэм арашэння, транспарту, камерцыйных арганізацый. Важным з’яўляецца і распаўсюджванне сельскагаспадарчага абсталявання, якое можа эфектыўна выкарыстоўваць людскія, прыродныя і сацыяльна-эканамічныя рэсурсы. |