Бэнэдыкт XVI прыняў прэм’ер-міністра Венгрыі |
Святы Айцец |
06.12.2010 16:02 |
Размова працягвалася каля 20 мінут і праходзіла на англійскай мове. Затым Віктара Орбана і венгерскую дэлегацыю прыняў Дзяржаўны сакратар Яго Святасці кардынал Тарчызіо Бэртонэ, якога суправаджаў арцыбіскуп Дамінік Мамбэрці, Сакратар па адносінах з дзяржавамі Дзяржаўнага Сакратарыяту Апостальскай Сталіцы. Паводле паведамлення Прэс-бюро Апостальскай Сталіцы, прэм’ер-міністр Венгрыі прадставіў сацыяльную, палітычную і гаспадарчую сітуацыю сваёй краіны на сённяшні дзень. Было падкрэслена значэнне хрысціянскай традыцыі ў жыцці народа, а таксама роля Каталіцкага Касцёла ў яго адраджэнні. Была ўзнята і тэма аб венгерскім кіраўніцтве ў Еўрасаюзе, якое распачнецца 1 студзеня 2011 г., а таксама падкрэслена супадзенне пазіцый Апостальскай Сталіцы і Венгрыі ў асноўных пытаннях, якія цікавяць еўрапейскі кантынент. Акрамя гэтага, былі закрануты тэмы адносін і супрацоўніцтва ў рэгіёне Цэнтральна-Усходняй Еўропы. |