Святы Айцец пра ўзаемную адказнасць людзей на шляху веры |
Святы Айцец |
05.09.2011 11:31 |
У нядзелю 4 верасня 2011 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI узначаліў малітву «Анёл Панскі» і заахвоціў прысутных паразважаць над нядзельным урыўкам з Евангелля. Агульныя аўдыенцыі праходзяць у папскай летняй рэзідэнцыі ў Кастэль Гандольфа. Па словах Папы, біблейскія чытанні на нядзелю закранаюць тэму братэрскай любові ў супольнасці вернікаў, якая мае свае карані ў адзінстве Тройцы. Урывак з Евангелля паводле Мацвея прысвечаны жыццю хрысціянскай супольнасці. У ім гаворыцца, што братэрская любоў нясе ў сабе таксама ўзаемную адказнасць, г.зн. «калі мой бліжні зрабіў нешта кепскае супраць мяне, я павінен адносіцца з любоўю да яго, перш за ўсё, пагаварыўшы з ім асабіста, даючы яму зразумець, што тое, што ён зрабіў, нядобрае». «Такі спосаб дзеяння заклікае нас да таго, каб мы дапамагалі адно аднаму: гэта не проста рэакцыя на ўчыненае злачынства, але праява любові да бліжняга», — прыводзіць словы Папы Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё. Калі ж бліжні не паслухае, трэба яшчэ раз прыйсці да яго, але ўжо з дзьвума-трыма іншымі асобамі. «Калі не паслухае нават супольнасці, неабходна пагадзіцца з разрывам адносінаў, якія ён сам справакаваў, і аддзяліць яго ад Касцёла, — адзначыў Папа. — Усё гэта паказвае, што існуе ўзаемная адказнасць на шляху хрысціянскай веры: чалавек, які ведае аб уласных недахопах і абмежаваннях, пакліканы да таго, каб прыняць братэрскую дапамогу і дапамагаць іншым у гэтым служэнні». «Мы павінны практыкавацца ў братэрскай дапамозе адно аднаму і станавіцца лепшымі. Гэта патрабуе пакоры і прастаты сэрца, а таксама малітвы, якая ўзносіцца да Бога ад супольнасці, па-сапраўднаму аб’яднанай у Хрысце», — падкрэсліў Бэнэдыкт XVI. |