Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец: кожны заслугоўвае нашай павагі і любові
Святы Айцец
21.11.2011 13:01

У нядзелю 20 лістапада 2011 г. завяршыўся візіт Святога Айца Бэнэдыкта XVI у Афрыку. Галоўнай падзеяй гэтага дня стала святя Імша на «Стадыёне Сяброўства» ў Катану. На полі і вакол яго сабраліся каля 100 тысяч вернікаў, сярод якіх былі пілігрымы з суседніх краін.

У гаміліі Пантыфік прапанаваў паразважаць над урыўкам з Евангелля пра Апошні Суд, крытэрыем якога будуць адносіны да патрабуючых. Гэтую ісціну пацвердзіў сваім жыццём і смерцю сам Хрыстус — Валадар, трон якога — крыж.

«Я хачу з любоўю звярнуцца да тых, хто пакутуе, да хворых, інфіцыраваных вірусам СНІДу ці іншымі хваробамі, да ўсіх, пра каго забыла грамадства. Будзьце мужнымі! Езус жадаў атаясаміць сябе з малымі, хворымі; Ён хацеў раздзяліць з намі пакуты і прызнаць нас сваімі братамі і сёстрамі, каб вызваліць ад усялякага зла, усялякіх пакутаў. Кожны хворы, кожны бедны заслугоўвае нашай павагі і любові, паколькі праз яго Бог паказвае нам шлях, які вядзе да неба», — адзначыў Папа.

Пантыфік, узгадаўшы пра святкаванне юбілею евангелізацыі Беніна, адначасова назваў новыя задачы, якія стаяць перад мясцовым Касцёлам.

«Мы павінны памятаць, што сапраўднае панаванне асноўваецца не на дэманстрацыі моцы, а на пакорлівым служэнні, не на прыгнячэнні слабых, а на іх абароне з мэтай падараваць ім жыццё ўдастатку, — адзначыў Папа. — Хрыстус валадарыць праз крыж і трымае ў абдымках усіх жыхароў зямлі, заклікаючы да адзінства. Крыжам Ён разбурае сцены падзелаў, аб’ядноўвае нас з сабою і Айцом. Мы молімся за народы Афрыкі, каб усе маглі жыць у справядлівасці, спакоі і радасці Божага Валадарства».

Падчас Імшы Святы Айцец перадаў біскупам Афрыкі паслясінадальную адгартацыю «Аfricae munus», нагадаўшы, што галоўным заданнем Касцёла з’яўляецца абвяшчэнне Хрыста і Яго Евангелля.

Пасля літургіі Святы Айцец памаліўся з вернікамі малітву «Анёл Панскі», заклікаючы афрыканцаў чэрпаць у Марыі моц для барацьбы са складанасцямі жыцця.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.