Святы Айцец: неабходна заўсёды ўглядацца ў прыклад Маці нябеснай |
Святы Айцец |
09.12.2011 11:44 |
Ва ўрачыстасць Беззаганага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі Святы Айцец Бэнэдыкт XVI па традыцыі здзейсніў пілігрымаванне да скульптуры Найсвяцейшай Панны Марыі, што знаходзіцца на Іспанскай плошчы ў Рыме. Па дарозе картэж Святога Айца спыніўся перад касцёлам Найсвяцейшай Тройцы, дзе Пантыфіка прывіталі члены італьянскай Асацыяцыі прадпрымальнікаў. На плошчы ж Папу віталі прадстаўнікі мясцовых уладаў і групы вернікаў са школ, парафій, касцёльных асацыяцый і гарадскіх прадпрыемстваў. Пасля прачытання ўрыўка з Апакаліпсіса св. Яна, Бэнэдыкт XVI усклаў вянок з кветак да скульптуры Найсвяцейшай Панны Марыі і звярнуўся да прысутных з прамовай. Святы Айцец разважаў над апісаннем Марыі як жанчыны, апранутай у сонца, з месяцам пад нагамі і ў кароне з дванаццаці зорак. Папа патлумачыў, што Марыя прадстаўлена як Маці Бога і Касцёла: апранутая ў сонца — азначае, што яна апранута ў Бога, які ёсць святлом; мае месяц пад нагамі— сімвал смерці і смяротнасці, якія перамагла; дванаццаць зорак на кароне Марыі азначаюць дванаццаць плямёнаў Ізраэля і цэнтральнае месца Марыі сярод народа Божага, усёй супольнасці святых. «Яна цяжарная ў тым сэнсе, што носіць у сваім улонні Хрыста, якога дасць свету: гэта місія Касцёла, які пілігрымуе па зямлі», — прыводзіць словы Папы Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё. Святы Айцец адзначыў, што адзінае, чаго павінен баяцца Касцёл — гэта грахоў членаў сваёй супольнасці, таму неабходна заўсёды ўглядацца ў прыклад Маці нябеснай і прасіць у яе дапамогі. |