Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Вялікі чацвер Святы Айцец узначаліў Імшу Хрызму
Святы Айцец
05.04.2012 14:06

У Вялікі чацвер 5 красавіка 2012 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI цэлебраваў святую Імшу Хрызму разам са шматлікімі іерархамі і святарамі. У сваёй гаміліі Пантыфік звярнуў увагу на пагрозу, якая можа ўзнікаць над сапраўдным выкананнем місіі Касцёла з прычыны непаслухмянасці святароў.

Пантыфік адзначыў, што ўмовай для абнаўлення Касцёла з’яўляецца «прыпадабненне Хрысту, які не пануе, але служыць, не бярэ, але дае».

Бэнэдыкт XVI узгадаў аб ініцыятыве групы святароў, якія ў чэрвені 2011 г. апублікавалі «заклік да непаслухмянасці». У ім яны заахвоцілі да ігнаравання некаторых важных прынцыпаў каталіцкага навучання, такіх, як цэлібат, забарона на святарскія пасвячэнні жанчын ці ўдзяленне святой Камуніі разведзеным асобам, якія паўторна ажаніліся.

«Ці непаслухмянасць — гэта сапраўды шлях? Ці ёсць у ёй нешта падобнае да наследавання Хрыста, які з’яўляецца ўмовай сапраўднага абнаўлення? Ці гэта толькі адчайнае імкненне рабіць нешта, змяняць Касцёл паводле нашых жаданняў і задумаў?» — прыводзіць словы Пантыфіка Ватыканскае радыё.

Бэнэдыкт XVI нагадаў аб паслухмянасці Хрыста Божай волі, якая рэалізавалася пра крыж і пакуты. Пантыфік падкрэсліў, што абнаўленне патрабуе радасці веры, радыкальнай паслухмянасці, дынамікі надзеі і любові. Святы Айцец заклікаў духоўных асоб углядацца ў прыклад святых, «які паказвае, што Бог не глядзіць на вялікія лічбы і на ўнутраныя поспехі, але выяўляе сваю перамогу ў пакорным знаку зярнятка гарчыцы».

У Вялікі чацвер зранку ёсць толькі адна літургія — святая Імша Хрызма, якая цэлебруецца ў катэдральным касцёле біскупам і прэзбітэрамі. Падчас гэтай святой Імшы кансэкруецца алей, які ўжываецца пры ўдзяленні сакрамэнтаў хросту, канфірмацыі, святарства і благаслаўляецца алей для намашчэння хворых.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.