Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкту XVI споўнілася 85 гадоў
Святы Айцец
16.04.2012 12:20

16 красавіка 2012 г. Святому Айцу Бэнэдыкту XVI споўнілася 85 гадоў. У госці да Пантыфіка прыехаў яго брат кс. прэлат Георг Ратцынгер, аднак вялікіх урачыстасцяў у гэты дзень не плануецца.

Віншаванні Пантыфіку складуць іерархі Германіі, а таксама выбітныя асобы палітычнага і грамадскага жыцця Баварыі. Раніцай а 9-й гадзіне ў капліцы Апостальскага Палаца біскупы разам з Папам канцэлебравалі святую Імшу. У ёй прыняла ўдзел таксама баварская дэлегацыя на чале з прэм’ер-міністрам Хорстам Зэехоферам.

19 красавіка Бэнэдыкт XVI адзначыць 7-гадовы юбілей Пантыфікату.

Ёзаф Ратцынгер нарадзіўся 16 красавіка 1927 г. у невялічкім нямецкім мястэчку Марктль-на-Інне, што ў Ніжняй Баварыі. Вельмі рана юнаму Ёзафу давялося сутыкнуцца з вялікімі цяжкасцямі. Перш за ўсё яны былі звязаныя з пануючым у тыя часы ў Германіі фашысцкім рэжымам, які вельмі непрыхільна ставіўся да Каталіцкага Касцёла. Пад канец Другой сусветнай вайны юнака мабілізавалі ў дапаможную службу супрацьпаветранай абароны. У гэтых складаных драматычных умовах і нарадзілася ў яго пакліканне да святарства.

З 1946 да 1951 г. Ёзаф Ратцынгер вывучаў філасофію і тэалогію (спачатку ў Фрайзінгу, а потым у Мюнхенскім універсітэце) і 29 чэрвеня 1951 г. прыняў святарскае пасвячэнне.

З 1969 г. ксёндз Ёзаф Ратцынгер выкладаў дагматычную тэалогію ва ўніверсітэце ў Рэгенсбургу і з’яўляўся прарэктарам гэтай навучальнай установы.

У 1977 г. папа Павел VI прызначыў кс. Ёзафа Ратцынгера арцыбіскупам Мюнхена і Фрайзінга і неўзабаве пасля гэтага надаў яму годнасць кардынала.

У перыяд з 1986 да 1992 г. кардынал Ёзаф Ратцынгер засяродзіў сваю дзейнасць на падрыхтоўцы новага грунтоўнага і ўсеабдымнага Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, кіруючы працаю адпаведнай камісіі. Акрамя вышэйзгаданай Кангрэгацыі Веравучэння, ён узначальваў Папскую біблійную камісію і Міжнародную тэалагічную камісію, а таксама супрацоўнічаў з Дзяржаўным Сакратарыятам Ватыкана і ўваходзіў у склад Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў, Кангрэгацыі Божага культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў, Кангрэгацыі па справах Біскупаў, Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў, Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі. У 2002 г. кардынал Ёзаф Ратцынгер стаў дэканам Калегіі Кардыналаў.

19 красавіка на канклаве кардынал Ёзаф Ратцынгер быў абраны Папам.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.