Бэнэдыкт XVI пра малітву благаслаўлення і падзякі |
Святы Айцец |
20.06.2012 15:14 |
Катэхезу 20 чэрвеня Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прысвяціў малітве благаслаўлення і падзякі, якой св. Павел распачаў сваё Пасланне да Эфесцаў. Папа адзначыў, што святы Павел благаславіў Бога, бо Ён «адкрыў нам таямніцу сваёй волі». Святы Айцец падкрэсліў, што слова «таямніца», які часта сустракаецца ў Святым Пісанні і літургіі, у кантэксце веры азначае перш за ўсё міласэрную волю Бога, план Яго любові, якая ў Езусе Хрысце цалкам адкрылася і дала магчымасць «зразумець, разам з усімі святымі, што такое шырыня і даўжыня, вышыня і глыбіня, і пазнаць любоў Хрыста». «Бог паклікаў нас да існавання, святасці ў хрысціянскім жыцці, і служэння Яму ў Касцёле. Гэты выбар нават папярэднічаў стварэнню свету. Мы заўсёды былі ў яго плане і думках. (...) Пакліканне да святасці, адзінства з Богам належаць да Яго вечнага плана, плана, які працягваецца ў гісторыі і ахоплівае ўсіх мужчын і жанчын у свеце, бо гэта ўніверсальнае пакліканне. Бог не выключае нікога са свайго плану любові», — прыводзіць словы Папы Ватыканскае радыё. Святы Павел паказаў нам, якім чынам Бог Айцец рэалізаваў свой план збаўлення. Праз крыжовую ахвяру Хрыста Ён паказаў, што любіць нас не толькі на словах. «Святы Павел запрашае нас зразумець, наколькі глыбокай з’яўляецца любоў Бога, што перамяняе гісторыю, і якая перамяніла яго ўласнае жыццё з ганіцеля хрысціянаў у нястомнага апостала Евангелля», — працягваў Папа. Такім чынам, Папа звярнуў увагу, што ў малітве благаслаўлення св. Паўла ёсць заклік да разважання над дзейнасцю трох асобаў Найсвяцейшай Тройцы: Айца, які нас выбраў яшчэ перад стварэннем свету, Сына, які адкупіў нас сваёй крывёй, і Святога Духа, які з’яўляецца залогам нашай вечнасці і будучай хвалы. «У пастаяннай малітве, у штодзённых адносінах з Богам, давайце навучымся і мы, як св. Павел, заўсёды больш ясна заўважаць знакі Божага плану і Яго дзейнасці: у прыгажосці Стварыцеля, якая адлюстроўваецца ў Яго стварэннях», — дадаў Святы Айцец. Напрыканцы катэхезы Бэнэдыкт XVI адзначыў, што малітва дапамагае людзям натхняцца ў жыцці не эгаізмам, прагненнем мець і валодаць, але бескарыснасцю, жаданнем любіць і служыць. А гэта, на думку Папы, адзіная магчымасць прынесці святло ў цемру свету. |