Бэнэдыкт XVI пра аздараўленне цела і душы |
Святы Айцец |
02.07.2012 16:12 |
У нядзелю 1 ліпеня Бэнэдыкт XVI сустрэўся з вернікамі, якія прыбылі на плошчу Святога Пятра, каб прыняць удзел у традыцыйнай нядзельнай малітве «Анёл Панскі». У прамове перад малітвай Святы Айцец паразважаў над фрагментам Евангелля, прадстаўленым на гэтую нядзелю евангелістам Маркам. Апісвае ён два цудоўныя аздараўленні, якія Езус здзейсніў у адносінах да дзвюх жанчын: дачкі аднаго з кіраўнікоў сінагогі, якога звалі Яір, і жанчыны, якая пакутавала ад крывацёку. «У гэтых фрагментах прысутнічаюць два аспекты: выключна фізічны — Езус схіляецца над чалавечымі пакутамі і аздараўляе цела; а таксама духоўны — Езус прыйшоў, каб аздаравіць сэрца чалавека, падарыць яму збаўленне, і просіць аб веры ў Яго. У першым фрагменце на вестку аб тым, што дачка Яіра памерла, Езус адказаў кіраўніку сінагогі: „Не бойся, толькі вер!”. Яны прыйшлі туды, дзе знаходзілася дзіця, і Езус сказаў: „Дзяўчынка, табе кажу, устань!”. І яна паднялася і пачала хадзіць», — адзначыў Пантыфік. Другі фрагмент апавядае пра жанчыну, якая пакутавала ад крывацёку, і паказвае, як Езус прыйшоў, каб вызваліць чалавека ва ўсёй яго поўні. Цуд адбыўся ў два этапы: напачатку адбылося фізічнае аздараўленне, але яно было звязана з аздараўленнем больш глыбокім — «якое дорыць ласка Бога тым, хто адкрываецца на Яго з верай». «Гэтыя два апавяданні аб аздараўленні з’яўляюцца для нас заклікам да таго, каб пераўзысці выключна матэрыяльнае бачанне жыцця. Мы просім Бога аб шматлікіх аздараўленнях, аб вырашэнні розных праблем, аб кантрэтных патрэбах, і гэта правільна. Але тое, аб чым мы павінны прасіць з настойлівасцю, гэта аб усё больш моцнай веры, каб Пан абнавіў наша жыццё, і аб моцным даверы Яго любові, Яго Провіду, які нас ніколі не пакіне», — прыводзіць словы Папы Ватыканскае радыё. «Езус, заўсёды ўважлівы да чалавечых пакутаў, натхняе нас думаць пра ўсіх тых, якія дапамагаюць хворым несці іх крыж, асабліва аб урачах і тых, хто аказвае духоўную дапамогу ў бальніцах. Яны з’яўляюцца „рэзервам любові“, які нясе спакой і надзею пакутуючым, людзям, якія патрабуюць чалавечнасці і сардэчнай увагі», — дадаў на заканчэнне прамовы Святы Айцец. |