Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: Дух Святы стымулюе нас перадаваць радасць сустрэчы з Хрыстом
Святы Айцец
19.05.2013 14:56

«Сёння ў літургіі мы абмяркоўваем і нанава перажываем Спасланне Духа Святога на Касцёл, што ажыццявіў уваскрослы Хрыстус», — сказаў папа Францішак падчас Эўхарыстыі, якую ўзначаліў 19 мая, ва ўрачыстасць Пяцідзясятніцы, на плошчы Св. Пятра. Гамілію Пантыфік прысвяціў дзеянню Святога Духа, які ўносіць у жыццё Касцёла навіну, запэўнівае яму гармонію і пасылае яго членаў на місіі.

Гаворачы пра навіну Бога, Святы Айцец адзначыў, што часта яна напаўняе нас страхам, таму што мы адчуваем сябе больш бяспечна, калі ў нас усё пад кантролем, калі мы будуем і плануем наша жыццё ў адпаведнасці са сваімі схемамі і густамі. «Мы часта ідзём за Панам, прымаем Яго, але толькі да пэўнага моманту», — сказаў Пантыфік і дадаў, што нам складана даручыць сябе Яму з поўнай ўпэўненасцю, пагадзіўшыся, каб Святы Дух ажыўляў нас, кіраваў нашым жыццём, адкрыў нас на новыя гарызонты. Але «ва ўсёй гісторыі збаўлення, калі Бог аб’яўляецца, Ён прыносіць навіну, перамяняе нас і просіць, каб мы Яму поўнасцю давяралі».

«Навіна, якую Бог прыносіць у нашае жыццё, з’яўляецца тым, што сапраўды нас рэалізуе, тым, што дае нам сапраўдную радасць, сапраўдны спакой, таму, што Бог любіць нас і жадае толькі нашага дабра, — працягваў Папа, чые словы прыводзіць Ватыканскае радыё. — Ці адкрытыя мы на „Божыя неспадзяванкі”? А магчыма, мы замыкаемся на навіну Святога Духа?»

Пантыфік падкрэсліў, што Дух Святы запэўнівае ў Касцёле гармонію паміж рознымі рухамі, харызмамі, «прыносіць разнароднасць харызмаў, дароў», і «гэта вялікае багацце, бо Дух Святы з’яўляецца Духам еднасці, які прыводзіць да гармоніі». Па словах Папы, «калі мы дазваляем сябе весці Духам Святым, то гэтыя багацці, іншасць і разнароднасць, ніколі не становяцца канфліктам, таму што Дух заклікае нас перажываць гэтую разнароднасць у камуніі Касцёла». «Гэта Касцёл вядзе мяне да Хрыста. Паралельныя шляхі небяспечныя. Калі мы дазваляем сабе выходзіць за рамкі навучання Касцёла і касцёльнай супольнасці і не застаемся ў іх, мы не аб’яднаны з Богам Езуса Хрыста», — сказаў Пантыфік.

«Святы Дух з’яўляецца ветрам, які дзьме ў парусы, каб човен мог плысці, а подых і ўдар ветру — гэта дары Святога Духа. Без Яго стымулу, без Яго ласкі мы не ідзём наперад. Святы Дух дазваляе нам увайсці ў таямніцу Бога Жывога і ратуе нас ад небяспекі гнастычнаага і самастойнага Касцёла, замкнутага ў сабе. Стымулюе нас адкрыць дзверы і выйсці, каб абвяшчаць і сведчыць аб добрым жыцці Евангеллем, перадаваць радасць веры, сустрэчы з Хрыстом. Святы Дух — гэта душа місіі. Тое, што адбылося ў Ерузалеме дзве тысячы гадоў таму, не з'яўляецца падзеяй далёкай ад нас, гэта факт, які даходзіць да нас, які становіцца жывым досведам у кожным з нас», — адзначыў Святы Айцец.

Папа дадаў, што сённяшняя літургія — гэта вялікая малітва, праз якую Касцёл просіць Нябеснага Айца, каб аднавіў Спасланне Духа Святога. «Няхай кожны з нас, кожная група і рух у гармоніі Касцёла звяртаецца да Бога, каб прасіць у Яго гэтыя дары», — пажадаў Пантыфік.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.