Папа абмеркаваў з сіцылійскімі іерархамі сітуацыю сем’яў |
Святы Айцец
|
21.05.2013 13:48 |
20 мая Святы Айцец Францішак сустрэўся з групай біскупаў Сіцыліі, якія прабываюць у Апостальскай Сталіцы з візітам ad limina. Між іншым, як паведаміў Мітрапаліт Сіракузы арцыбіскуп Сальваторэ Паппаларда, падчас размовы абмяркоўвалася крытычная сітуацыя італьянскіх сем’яў.
«Папа нагадваў нам быць блізкімі да людзей, — адзначыў арцыбіскуп, чые словы прыводзіць польская рэдакцыя Ватыканскага радыё. — Пантыфік паўтарыў гэтую ўжо знакамітую думку: вы павінны быць пастырамі». Таксама, паінфармаваў іерарх, Папа пытаўся пра сітуацыю сем’яў і цяжкасці, якія яны перажываюць.
«Святы Айцец нагадаў нам, што мы павінны звяртаць больш увагі на сям’ю ў нашым душпастырстве і дапамагаць сем’ям, каб яны маглі жыць згодна са сваім пакліканнем, быць супольнасцю веры і жыцця, — дадаў сіцылійскі арцыбіскуп. — Гэтыя словы пра сям’ю аказалі на мяне вялікае ўражанне, і я буду памятаць пра іх у маім служэнні». (AG)
|