«Вы, бедныя, з’яўляецеся дарам для Касцёла, бо паказваеце нам, што ў кожным чалавеку можна ўбачыць аблічча Пана», — з такімі словамі звярнуўся папа Францішак да бедных, якія атрымліваюць дапамогу ў доме «Дар Марыі» (Dono di Maria) на тэрыторыі Ватыкана. 21 мая Святы Айцец наведаў гэтую ўстанову.
«Дзікі капіталізм вучыў логіцы прыбытку любым коштам, — адзначыў Пантыфік. — Наступствы гэтага мы бачым у крызісе, які перажываем сёння. Гэты дом — месца, якое вучыць любові, школа любові, якая кажа выходзіць насустрач кожнаму чалавеку, не для выгады, а з любові».
Папа нагадаў, што дом «Дар Марыі» існуе ўжо 25 гадоў, і ў яго пачатках стаяць двое благаслаўлёных — Ян Павел ІІ і Маці Тэрэза з Калькуты. Сёстры з Ордэну Місіянерак Любові апякуюцца сёння беднымі ў гэтым доме.
«Вы робіце так, што любоў Касцёла да бедных становіцца бачнай, — сказаў Святы Айцец супрацоўнікам установы. — На працягу ўсіх гэтых гадоў вы, як міласэрны самаранін, схіляліся над патрабуючым, глядзелі яму ў вочы, падавалі яму руку. Колькі ўжо было выратавана ад голаду дзякуючы вашай цярплівасці і адданасці!»
Дом «Дар Марыі» быў урачыста адкрыты 21 мая 1988 г. Янам Паўлам ІІ. Тут штодзённа атрымліваюць пасілак сотні бедных, а таксама існуе магчымасць начлегу для бяздомных жанчын і дзяўчат. (AG)
|