Святы Айцец абмеркаваў падрабязнасці свайго прабывання ў Рыа-дэ-Жанейра на Сусветным дні моладзі. 24 мая, прымаючы мясцовага арцыбіскупа Арані Тэмпесту, які адначасова з’яўляецца старшынёй аргкамітэта гэтага сусветнага форума, папа Францішак размаўляў з ім пра праграму свайго знаходжання ў Бразіліі.
Арцыбіскуп паведаміў, што паінфармаваў Святога Айца аб ходзе падрыхтоўчых прац да форума, нагадаўшы, што моладзь з усяго свету «чакае сустрэчы з Папам, а разам з ім і сустрэчы з Езусам Хрыстом». Іерарх уручыў Пантыфіку фігуру Хрыста Збаўцы, копію статуі, якая ўзвышаецца над горадам-гаспадаром сусветнага моладзевага форума, і «набор пілігрыма», які атрымае кожны ўдзельнік Дня моладзі.
Арцыбіскуп Тэмпеста заявіў, што Рыа прыме маладых людзей з усяго свету як братоў, па-сямейнаму, з адкрытым сэрцам.
Як інфармуе Ватыканскае радыё, іерарх выказаў упэўненасць, што Святы Айцец падчас прабывання ў Рыа будзе звяртацца не толькі да моладзі, але праз моладзь да ўсяго свету, каб яго будучыня была мірнай, братэрскай і больш жывой на духоўным і грамадскім узроўнях. (AG)
|