26 мая Святы Айцец наведаў парафію Святых Альжбеты і Захарыі, здзейсніўшы такім чынам свой першы пастырскі візіт у рымскую парафію. У гаміліі Папа звярнуў увагу вернікаў на імкненне Панны Марыі заўсёды дапамагаць ім.
Узгадаўшы, як Маці Божая накіравалася на дапамогу Альжбеце, калі пачула, што тая цяжарная, Папа адзначыў: «Маці Божая заўсёды такая. Яна наша Маці, якая заўсёды спяшаецца, калі мы маем у гэтым патрэбу». Гэта, па словах Святога Айца, дае вернікам пачуццё бяспекі, бо «лепш ісці па жыцці, калі побач з намі Мама».
Пантыфік дадаў, што «Маці Божая дапамагае нам зразумець Бога», жыццё Езуса, зразумець, кім ёсць Бог. Папа адзначыў, што «Айцец даў нам жыццё, Езус даў нам збаўленне, суправаджае нас, вядзе нас, падтрымлівае нас, вучыць», а Дух Святы «любіць нас», «дае нам любоў».
На працягу дваццаці гадоў вернікі парафіі Святых Альжбеты і Захарыі маліліся ў гаражы, пераробленым пад капліцу. Святы Айцец прызнаўся, што невыпадкова абраў для свайго першага пастырскага візіту прыгарадную парафію на поўначы Рыма. Як інфармуе Ватыканскае радыё, падчас свайго візіту Папа асаблівым чынам прывітаў сем’і, хворых, парафіяльных супрацоўнікаў, а падчас гаміліі вёў дыялог з дзецьмі.
(AG)
|