Штодзённая праца папскага дыпламатычнага прадстаўніка можа стаць для яго «трэніровачнай залай святасці», — лічыць папа Францішак. 6 чэрвеня Пантыфік прыняў на аўдыенцыі навучэнцаў і выкладчыкаў Папскай Касцёльнай Акадэміі, якая рыхтуе дыпламатаў Апостальскай Сталіцы.
Звяртаючыся да іх, Святы Айцец сказаў, што «служэнне папскіх прадстаўнікоў, як і любое іншае святарскае служэнне, патрабуе вялікай унутранай свабоды». «Але што значыць — мець унутраную свабоду? — спытаў Пантыфік, чые словы прыводзіць Ватыканскае радыё. — Перш за ўсё азначае быць свабоднымі ад асабістых планаў: ад пэўных канкрэтных задум, з якімі вы, магчыма, некалі думалі пражыць ваша святарства, ад магчымасці праграмаваць будучыню, ад перспектывы надоўга заставацца на “вашым” месцы ў душпастырскай дзейнасці». Папа дадаў, што ўнутраная свабода можа быць звязана са свабодай ад сваёй роднай культуры і ментальнасці — не для таго, каб забыцца пра яе, але каб адкрыцца ў любові на разуменне розных культур і на сустрэчу з людзьмі, якія належаць да іншых, нават самых далёкіх светаў.
Святы Айцец адзначыў, што быць унутрана свабодным азначае таксама быць свабодным ад уласных амбіцый і мараў. Паводле Папы, на першае месца трэба ставіць не ўласную самарэалізацыю ці імкненне да прызнання ўнутры касцёльнай супольнасці, але «найвышэйшае евангельскае дабро і спаўненне даверанай місіі».
«Адным словам, служэнне, да якога вы рыхтуецеся, патрабуе ад вас выйсця па-за сябе, адмаўлення ад сябе, якое можа быць дасягнута выключна праз насычаны духоўны шлях і сур’ёзнае злучэнне жыцця з таямніцай Божай любові і неспасцігальным планам Яго паклікання», — падкрэсліў Пантыфік.
Святы Айцец нагадаў пра прыклад папы Яна ХХІІІ, для якога менавіта дыпламатычная служба стала месцам, «дзе сфарміравалася яго святасць», дадаўшы, што «Добры Папа» заўсёды клапаціўся аб сваёй душы, у кантэксце самых розных касцёльных і палітычных абавязкаў. Адсюль «нарадзілася яго ўнутраная свабода, радасць, якая праяўлялася знешне, і сама эфектыўнасць яго душпастырскай і дыпламатычнай дзейнасці». (AG)
|