Папа Францішак заклікаў да супрацьдзеяння эксплуатацыі дзяцей |
Святы Айцец
|
12.06.2013 12:21 |
На заканчэнне агульнай аўдыенцыі 12 чэрвеня папа Францішак нагадаў, што сёння адзначаецца Сусветны дзень барацьбы з дзіцячай працай, прысвечаны ў гэтым годзе супрацьдзеянню эксплуатацыі дзяцей у якасці хатняй прыслугі. Папа назваў эксплуатацыю дзяцей «сумным феноменам, які ўсё больш распаўсюджваецца, асабліва ў бедных краінах».
Пантыфік адзначыў, што ў свеце мільёны дзяцей адначасова з эксплуатацыяй падвяргаюцца насіллю, кепскім адносінам і дыскрымінацыі.
«Горача заклікаю міжнародную супольнасці, прыняць больш эфектыўныя меры, каб адказаць на гэтую сапраўдную рану. Усе дзеці павінны мець магчымасць гуляць, вучыцца, маліцца і расці ва ўласных сем’ях, у гарманічным кантэксце любові і супакою. Гэта іх права і наш абавязак», — сказаў Святы Айцец.
Як паведамляе Ватыканскае радыё, Папа падкрэсліў, што спакойнае дзяцінства дазваляе дзецям з даверам глядзець на жыццё і будучыню. «Гора тым, хто гасіць у іх радасны запал надзеі», — дадаў Пантыфік.
(AG)
|