13 чэрвеня Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў ХІІІ Звычайнай рады Генеральнага сакратарыяту Сіноду Біскупаў. Падчас сустрэчы, між іншым, Папа звярнуў увагу, што абвяшчэнне Евангелля павінна суправаджацца простым стылем жыцця, духам малітвы і любоўю да ўсіх, асабліва да самых малых і бедных.
Звяртаючыся да прысутных, Пантыфік нагадаў словы Паўла VI пра тое, што абвяшчэнне Евангелля — «служэнне, якое здзяйсняецца на карысць не толькі хрысціянскай супольнасці, але і чалавецтва». «Я б хацеў заахвоціць усю касцёльную супольнасць быць евангелізацыйнай, не баяцца “выйсці” за свае межы, каб абвяшчаць, перш за ўсё давяраючы міласэрнай прысутнасці Бога, які нас вядзе. Канешне, тэхнікі з’яўляюцца важнымі, але нават самыя дасканалыя з іх не могуць замяніць стрыманай, але эфектыўнай дзейнасці Таго, хто з’яўляецца асноўным дзеячам евангелізацыі: Духа Святога», — сказаў папа Францішак.
Як інфармуе Ватыканскае радыё, Святы Айцец нагадаў пра канкрэтныя патрабаванні, якія ставіць перад Касцёлам і яго членамі новая евангелізацыя: перш за ўсё, яны датычацца блізкага супрацоўніцтва з Богам. «Трэба дазволіць Яму весці нас, нават калі павядзе новымі шляхамі, трэба дазволіць Яму перамяніць нас, каб наша абвяшчэнне слова заўсёды суправаджалася прастатой жыцця, духам малітвы, любоўю да ўсіх, асабліва самых малых і бедных, пакорай і адмаўленнем ад сябе, святасцю жыцця. Толькі тады яно будзе па-сапраўднаму плённым!» — сказаў Пантыфік.
Папа адзначыў, што высока цэніць працу Сіноду Біскупаў, які з’яўляецца «выразам калегіяльнасці», нагадаў, што заўсёды з вялікай цікавасцю прымаў удзел у яго пасяджэннях, і падзякаваў за прапановы будучых тэм для Генеральнай Асамблеі Сіноду Біскупаў, прадстаўленыя яму. (AG)
|