14 чэрвеня папа Францішак сустрэўся з супрацоўнікамі каталіцкага часопіса «La Civiltà Cattolica». Святы Айцец заклікаў журналістаў «быць цвёрдымі перад абліччам крывадушнасці» і ў той жа час «не ствараць бар’ераў».
Пантыфік засяродзіў увагу ўдзельнікаў сустрэчы на трох элементах: дыялог, праніклівасць і мяжа. «Ваша галоўная задача – будаваць не муры, а масты, весці дыялог з усімі людзьмі, уключаючы тых, якія не падзяляюць хрысціянскай веры, але маюць культ іншых чалавечых каштоўнасцяў, і тых, якія супрацьстаяць Касцёлу і пераследуюць яго розным чынам», — сказаў папа Францішак.
Як інфармуе Ватыканскае радыё, Святы Айцец адзначыў, што каштоўнай для дыялога з’яўляецца здольнасць пранікаць у глыбіню рэчаў. Папа нагадаў пра праніклівасць езуіцкай духоўнасці, якая дазваляе з «пакорнай і адкрытай разважлівасцю» шукаць і знаходзіць Бога і прысутнасць Духа Святога ў чалавечай і культурнай рэальнасці.
Пантыфік заклікаў аўтараў часопіса быць «людзьмі памежжа», якія «залечваюць» рану падзелу паміж Евангеллем і культурай. «Існуе патрэба ў тым, каб адважна вучыць моцнай і сталай веры, здольнай надаць сэнс жыццю і даць пераканаўчыя адказы тым, хто шукае Бога», — сказаў Папа.
Выданне «La Civiltà Cattolica», адно з самых аўтарытэтных і чытаных у Італіі, было заснавана ў 1850 г. Да сённяшняга дня ім кіруюць езуіты.
(AG)
|