Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец прыняў прадстаўнікоў Групы сяброўства паміж Францыяй і Апостальскай Сталіцай
Святы Айцец
15.06.2013 19:17

15 чэрвеня Святы Айцец прыняў Групу сяброўства паміж Францыяй і Святым Пасадам, у якую ўваходзяць члены Сената і Нацыянальнага сходу Французскай Рэспублікі. Папа адзначыў, што нягледзячы на «розныя палітычныя пачуцці» прысутных, іх аб’ядноўвае жаданне павышаць «якасць адносін» паміж Францыяй і Апостальскай Сталіцай.

Пантыфік дадаў, што для яго сустрэча стала магчымасцю «падкрэсліць адносіны даверу», якія «ў цэлым» існуюць у Францыі паміж адказнымі за грамадскае жыццё і Каталіцкім Касцёлам, як на нацыянальным, так і на рэгіянальным і мясцовым узроўнях. «Прынцып лаіцызму, які рэгулюе адносіны паміж французскай дзяржавай і шматлікімі рэлігійнымі канфесіямі, сам па сабе не азначае варожасці да рэлігійнай рэальнасці або выключэння рэлігіі з грамадскага поля і дэбатаў, якія ажыўляюць яго», — адзначыў Святы Айцец.

Па словах Пантыфіка, «можна радавацца таму», што французскае грамадства адкрывае сябе на прапановы Касцёла, якія заключаюць у сабе пэўнае бачанне чалавека і яго годнасці, улічваючы агульнае дабро. Касцёл, нагадаў Папа, хоча прапанаваць свой адмысловы ўклад у разуменне глыбокіх пытанняў, якія датычаць больш поўнага ўяўлення пра чалавека і грамадства і іх лёсы, і гэты ўклад датычыць не толькі антрапалагічнай або сацыяльнай сфер, але і палітычнай, эканамічнай і культурнай.

Як паведамляе Ватыканскае радыё, папа Францішак заклікаў французскіх парламентарыяў «спрыяць эфектыўнаму і ўстойліваму паляпшэнню жыцця суграмадзян» на тэхнічным і юрыдычным узроўнях, але ў той жа час не выключаць духоўнага складніку, які надае кожнай ідэі неабходную якасць, звязаную з высакароднасцю асобы.

Пантыфік падзякаваў Групе сяброўства паміж Францыяй і Святым Пасадам за яе місію і пажадаў заўсёды клапаціцца пра карысць чалавека і садзейнічаць духу братэрства ў Францыі.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.