Святы Айцец звярнуўся да прэм’ера Вялікабрытаніі з нагоды сустрэчы краін «Вялікай васьмёркі», якая адбудзецца 17–18 чэрвеня ў ірландскім Лох-Эрн. Ліст Пантыфіка стаў адказам на зварот Дэвіда Кэмерана, накіраваны Папу 5 чэрвеня, у якім палітык акрэсліў галоўныя напрамкі старшынства Вялікабрытаніі ў «Групе васьмі».
Як інфармуе Ватыканскае радыё, Святы Айцец падзякаваў, што ў праграме падкрэсліваецца першынства чалавека як галоўнага суб’екта палітычнай і эканамічнай дзейнасці, і адзначыў, што важна не забывацца аб салідарнасці з самымі беднымі слаямі насельніцтва.
Папа высока ацаніў, што брытанская дэлегацыя накіроўваецца ў Лох-Эрн з клопатам пра свабодны міжнародны рынак, падаткаабкладанне і празрыстасць у эканамічнай дзейнасці. У гэтым, заўважыў Пантыфік, прысутнічае занепакоенасць лёсам чалавека. Сведчаннем увагі да чалавечай асобы з’яўляецца таксама ўключэнне тэмы абароны жанчын і дзяцей ад сексуальнага насілля ў якасці адной з цэнтральных тэм на парадку дня.
Пантыфік выказаў спадзяванне, што саміт дапаможа «неадкладнаму і трываламу спыненню агню ў Сірыі і прыцягненню ўсіх бакоў канфлікту за стол перамоў». «Мір з’яўляецца важнай перадумовай для абароны жанчын, дзяцей і іншых нявінных ахвяр і імкнення да знішчэння голаду, асабліва сярод ахвяр вайны», — адзначыў Папа.
Меры па пераадоленні крызісу, паводле Папы, павінны кіравацца «этыкай ісціны». Як адзначыў Святы Айцец, «клопат аб фундаментальным матэрыяльным і духоўным дабрабыце кожнага чалавека з’яўляецца адпраўной кропкай для ўсіх палітычных і эканамічных рашэнняў і канчатковай мерай іх эфектыўнасці і этычнай абгрунтаванасці».
Акрамя таго, дадаў Пантыфік, мэта эканомікі і палітыкі – «служыць чалавецтву, пачынаючы з самых бедных і найбольш уразлівых, дзе б яны ні знаходзіліся, нават ва ўлонні маці». Кожная эканамічная і палітычная тэорыя або дзейнасць павінны грунтавацца на прадастаўленні кожнаму жыхару планеты мінімальных сродкаў для годнага жыцця і свабоды, з магчымасцю падтрымкі сям’і, выхавання дзяцей. Пры адсутнасці такога бачання, перакананы Папа, усе віды эканамічнай дзейнасці не маюць сэнсу.
(AG)
|