Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак заклікаў дапамагаць бежанцам
Святы Айцец
19.06.2013 13:25

Падчас агульнай аўдыенцыі 19 чэрвеня папа Францішак нагадаў, што 20 чэрвеня будзе адзначацца Сусветны дзень бежанца. Сёлета ён прысвечаны сем’ям, якія былі вымушаны паспешна пакінуць родную зямлю, згубілі сваю маёмасць і бяспеку, уцякаючы ад насілля, пераследу, цяжкай дыскрымінацыі з прычыны вызнаванай веры, прыналежнасці да пэўнай этнічнай групы ці з палітычных прычын.

«Акрамя небяспекі, звязанай з падарожжам, часта гэтыя сем’і знаходзяцца перад рызыкай распадаў, а ў краінах, якія іх прымаюць, павінны адаптавацца да культур і грамадстваў, адрозных ад сваіх уласных. Мы не можам быць нячулымі да сем’яў і ўсіх нашых братоў і сясцёр бежанцаў: мы пакліканы дапамагаць ім, быць адкрытымі да разумення і гасціннасці», — заклікаў Папа, дадаўшы, што ў абліччы бежанцаў адлюстроўваецца аблічча самога Хрыста.

Таксама Святы Айцец нагадаў, што ў нядзелю, 16 чэрвеня, адзначаўся Міжнародны дзень «Evangelium vitae», прысвечаны абароне жыцця. Мерапрыемствы, якія праходзілі ў Ватыкане з гэтай нагоды, былі арганізаваны Папскай радай па новай евангелізацыі. Кульмінацыяй святкавання стала Эўхарыстыя на плошчы св. Пятра, якую ўзначаліў папа Францішак. «Я б хацеў яшчэ раў заклікаць усіх прыняць “Евангелле жыцця” і сведчыць аб ім, спрыяць і бараніць жыццё ва ўсіх яго вымярэннях і на ўсіх этапах. Хрысціянін – гэта той, хто кажа “так” жыццю, хто кажа “так” Богу Жывому», — сказаў Пантыфік, якога цытуе Ватыканскае радыё.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.