Святы Айцец Францішак пацвердзіў мандат кардынала Веласіо Дэ Паоліса як папскага дэлегата для Легіянераў Хрыста. Іерарх быў прызначаны на гэтую пасаду ў 2010 г. Бэнэдыктам XVI на тэрмін да надзвычайнай генеральнай капітулы манаскай кангрэгацыі, запланаванай на пачатак 2014 г.
Як паведамляе Ватыканскае радыё, у сваім лісце да кардынала Святы Айцец узгадвае іх сустрэчу 27 мая 2013 г., на якой папскі дэлегат распавёў Пантыфіку аб стане рэарганізацыі адной з самых буйных кангрэгацый у Касцёле. У сваім лісце папа Францішак адзначае, што ўважліва азнаёміўся з дакументамі, якія датычаць гэтай далікатнай справы, у тым ліку з матэрыяламі Апостальскай візітацыі, што праходзіла ў 2009–2010 гадах. Пацвярджаючы мандат кардынала Дэ Паоліса, Святы Айцец нагадаў, што ён будзе дзейнічаць, як і было вызначана раней, да 2014 г., калі пройдзе генеральная капітула Легіянераў Хрыста. Сваёй асноўнай задачай яна будзе мець абранне новага кіраўніцтва і зацвярджэнне новай канстытуцыі манаскай супольнасці, якая затым будзе даслана Папу для належнага вывучэння. «Гэтыя крокі, — піша ў лісце Пантыфік, — неабходныя для шляху сапраўднага і глыбокага абнаўлення кангрэгацыі Легіянераў Хрыста і, ускосна, для дзейнасці ўсяго руху “Regnum Christi”, свецкага крыла супольнасці».
Папа Францішак папрасіў кардынала трымаць яго ў курсе працэсу падрыхтоўкі да капітулы і дадаў, што моліцца да Духа Святога для плённага правядзення асамблеі. Пантыфік падзякаваў іерарху за яго намаганні і папрасіў перадаць усім членам кангрэгацыі Легіянераў Хрыста словы заахвочвання і абяцанне малітвы.
Кангрэгацыя Легіянераў Хрыста была заснавана ў Мексіцы ў 1941 г. Яна хутка развівалася і ў дастаткова кароткі час стала адной з самых буйных у Касцёле. У 1997 г. яе заснавальнік, кс. Марсіаль Масэль, быў публічна абвінавачаны ў злоўжываннях адносна маладых семінарыстаў. У 2006 г. Апостальская Сталіца забараніла яму выконваць святарскія абавязкі і наказала весці адасобленае жыццё ў малітве і пакаянні. Улічваючы ўзрост і слабое здароўе Масэля, Кангрэгацыя Веравучэння адмовілася ад касцёльнага судовага працэсу над ім. У маі 2010 г., пасля вывучэння сітуацыі, Апостальская Сталіца сцвердзіла, што Масэль адзначаўся «аб’ектыўна амаральнымі паводзінамі». Пасля гэтага кангрэгацыя Легіянераў Хрыста дыстанцыравалася ад свайго заснавальніка. (AG)
|