28 чэрвеня Святы Айцец Францішак сустрэўся з дэлегацыяй Канстанцінопальскага Патрыярхату, якая прыбыла ў Апостальскую Сталіцу на ўрачыстасць святых Пятра і Паўла. Звяртаючыся да членаў дэлегацыі, Папа назваў прысутнасць Патрыярха Барталамея на яго інаўгурацыі «жэстам вытанчанай увагі».
«Ваша прысутнасць у гэтых абставінах з’яўляецца прыкметай глыбокай сувязі, якая аб’ядноўвае, у веры, надзеі і любові Канстанцінопальскую Царкву і Рымскі Касцёл», — сказаў Пантыфік, чые словы прыводзіць Ватыканскае радыё. Традыцыя абмену дэлегацыямі на вялікія ўрачыстаcці, якая пачалася ў 1969 г., з’яўляецца, паводле Папы, «важнай часткай шляху да адзінства», а пошук еднасці паміж хрысціянамі сёння з’яўляецца неабходнасцю большай, чым калі-небудзь, гэтага проста не можна пазбегнуць, перакананы Пантыфік.
«Наш свет мае голад і смагу праўды, любові, надзеі, міру і адзінства, гэта важна для нашага сведчання, каб, нарэшце, абвясціць адзіным голасам добрую навіну Евангелля і цэлебраваць разам Боскія Таямніцы новага жыцця ў Хрысце», — адзначыў Папа. Адзінства — гэта, без сумневу, дар Божы, дадаў Святы Айцец, але ў кожнага з хрысціян ёсць задача рыхтаваць умовы, «каб гэтая надзвычайная ласка была прынята».
Пантыфік адзначыў дзейнасць Змешанай міжнароднай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Рыма-Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнымі Цэрквамі. Камісія, па словах Папы, робіць фундаментальны ўклад у пошук поўнага адзінства паміж католікамі і праваслаўнымі. Яна ўжо распрацавала шмат агульных тэкстаў і цяпер вывучае пытанне тэалагічных і эклезіялагічных адносін паміж прыматам і сінадальнасцю ў жыцці Касцёла.
Паводле Папы, сёння трэба весці дыялог па гэтых пытаннях у праўдзе і любові, «пачынаючы з таго, што ў нас ёсць агульнага, але не хаваючы таго, што па-ранейшаму падзяляе нас». Тут важны не чыста тэарэтычны ўзровень, але і вывучэнне традыцый адзін аднаго, каб зразумець, а часам і чамусьці павучыцца. На думку Святога Айца, такім прыкладам для католікаў можа быць традыцыя калегіяльнасці, характэрная для Праваслаўных Цэркваў. Каталіцкі Касцёл і Праваслаўныя Цэрквы аб’ядноўвае «адна і тая ж канцэпцыя дыялогу», заснаваная на паглыбленні адзінай ісціны, якую Хрыстус даў свайму Касцёлу. «Таму мы не павінны баяцца сустрэчы і сапраўднага дыялогу. Гэта не аддаліць нас ад ісціны, а, хутчэй, праз абмен дарамі, прывядзе нас, пад кіраўніцтвам Духа праўды, да поўні праўды», — сказаў Святы Айцец.
Пантыфік папрасіў членаў праваслаўнай дэлегацыі маліцца за яго, каб Бог дапамог яму ў служэнні Біскупа Рыма і Наступніка св. Пятра. (AG)
|