Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец: апосталы Пётр і Павел даручаюць кожнаму біскупу заданне быць слугой еднасці
Святы Айцец
29.06.2013 14:33

Умацаванне ў веры, любові і адзінстве — фундаментальныя рысы, якія характарызуюць служэнне Наступніка апостала Пятра, — адзначыў папа Францішак падчас Імшы, якую 29 чэрвеня, ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла, узначаліў у ватыканскай базыліцы. Перад пачаткам літургіі Пантыфік уручыў паліі 34 арцыбіскупам Мітрапалітам, прызначаным на працягу апошняга года.

У літургіі прынялі ўдзел дэлегацыя Канстанцінопальскага Патрыярхату, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса і італьянскіх уладаў.

Як паведамляе Ватыканскае радыё, у гаміліі папа Францішак звярнуў увагу, што біскуп Рыма, па-першае, пакліканы да ўмацавання ў веры. Прыкладам у гэтым «з’яўляецца апостал Пётр, чыя роля і паслуга ў Касцёле мае аснову ў вызнанні веры ў Езуса, што стала магчымым дзякуючы ласцы, якую ён атрымаў з вышыняў». Аднак, калі Езус гаворыць аб сваёй смерці і ўваскрасенні, аб шляху Бога, які не адпавядае дарозе чалавечай улады, Пётр імкнецца не дапусціць гэтага. Святы Айцец нагадаў, што калі мы дазваляем, каб нашы думкі і пачуцці былі пад націскам чалавечай ўлады, мы становімся каменем упадку. Вера ў Хрыста — гэта «святло нашага хрысціянскага жыцця і паслугі ў Касцёле».

Гаворачы аб другой рысе служэння Наступніка св. Пятра, умацаванні ў любові, Папа нагадаў словы апостала Паўла: «У добрай барацьбе я змагаўся, бег скончыў, веру захаваў» (2 Цім 4,7). Пантыфік адзначыў, што тут справа не ідзе пра змаганне з прымяненнем чалавечай зброі, якая яшчэ да гэтага часу знявечвае свет, але пра змаганне пакутніцтва. Адзінай зброяй святога Паўла было пасланне Хрыста і дар усяго свайго жыцця за Хрыста і іншых людзей. «Такая поўная адданасць Евангеллю і асабістая адданасць усім зрабіла яго даверлівым і збудавала Касцёл», - сказаў Папа і дадаў, што і біскуп Рыма пакліканы ўмацоўваць у гэтай любові да Хрыста ўсіх — без адрозненняў, абмежаванняў і бар’ераў.

Звяртаючы ўвагу на ўмацаванне еднасці ў Касцёле, Святы Айцец нагадаў пра сімволіку паліяў, якія ўручыў арцыбіскупам Мітрапалітвам. «Ваша прысутнасць, — падкрэсліў Пантыфік, — з’яўляецца знакам адзінства і разнароднасці як вялікага багацця ў Касцёле». Папа нагадаў навучанне Другога Ватыканскага Сабору, які, спасылаючыся на іерархічную структуру Касцёла, сцвердіў, што Пан «устанавіў Апосталаў як калегію, або сталую групу, на чале якой паставіў выбранага з іх ліку Пятра». «У Касцёле разнароднасць з’яўляецца вялікім багаццем, заўсёды мае апору ў гармоніі еднасці», — сказаў Папа і дадаў, што гэта павінна спрыяць пераадоленню ўсялякага роду канфліктаў, якія наносяць раны целу Касцёла.

«Апосталы Пётр і Павел даручаюць кожнаму з біскупаў заданне быць слугой еднасці», — сказаў на заканчэнне Святы Айцец.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.