Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Выйшла першая энцыкліка Святога Айца Францішка — «Lumen Fidei»
Святы Айцец
05.07.2013 14:21

5 ліпеня ў Апостальскай Сталіцы ўбачыла свет першая энцыкліка Святога Айца Францішка пад назвай «Lumen Fidei» «Святло веры»). Мэтай энцыклікі з’яўляецца аднаўленне веры як святла, здольнага асвятляць усё чалавечае існаванне.

У энцыкліцы Папа адзначае, што ў сучасную эпоху, калі верыць азначае шукаць, а вера разглядаецца як пагроза для свабоды чалавека, важна давяраць і спадзявацца, пакорна і з мужнасцю, на міласэрную любоў Бога, якая выпраўляе скажэнні нашай гісторыі.

Надзейны сведка веры – гэта Езус, праз якога Бог дзейнічае ў гісторыі, — піша Пантыфік. Як у рэальным жыцці мы давяраем архітэктару, фармацэўту, адвакату, бо яны ведаюць рэчы лепш за нас, так у веры мы давяраем Хрысту. Вера без ісціны – не збавіць, — адзначае Святы Айцец. Застанецца толькі прыгожая казка, асабліва сёння, калі мы перажываем крызіс ісціны, калі чалавек верыць толькі ў тэхналогіі або асабістую праўду, калі, баючыся фанатызму, аддаецца перавага рэлятывізму. І наадварот, вера не з’яўляецца бескампраміснай, веруючы – не высакамерны: ісціна, што зыходзіць ад Божай любові, не навязвае сябе праз насілле, не цісне на асобу, а наадварот, робіць магчымым дыялог паміж верай і розумам.

Евангелізацыя сёння проста неабходна — піша Святы Айцец у сваёй першай энцыкліцы. Трэба, каб святло Езуса ззяла на тварах хрысціян і перадавалася з пакалення ў пакаленне, праз сведкаў веры. Але асаблівым чынам вера перадаецца праз сакрамэнты, такія як хрост і Эўхарыстыя, праз Сімвал веры і «Ойча наш», у якіх вернік вызнае праўду, на якую глядзіць вачамі Хрыста. Вера адна, напісаў Папа, а адзінства веры з’яўляецца адзінствам Касцёла.

Таксама, адзначае Святы Айцец, існуе моцная сувязь паміж верай і асягненнем агульнага дабра: вера робіць моцнай сувязі паміж людзьмі і ставіць сябе на службу справядлівасці, законнасці, міру. Яна не аддаляе нас ад свету, а калі мы выдаляем яе з нашых асяроддзяў, застаемся аб’яднанымі толькі праз страх або асабістую карысць. Вера асвятляе сям’ю, заснаваную на сужэнстве паміж мужчынам і жанчынай, асвятляе асяроддзе маладых людзей, якія хочуць «вялікага жыцця», асвятляе прыроду і дапамагае нам паважаць яе, каб «знайсці мадэлі развіцця, якія засноўваюцца не толькі на карыснасці або прыбытку, але лічаць стварэнне дарам». Нават пакуты і смерць атрымліваюць сэнс у даверы да Бога, піша Папа: чалавеку, які пакутуе, Пан не дае вытлумачэння усяго, але прапануе яму сваю прысутнасць і суправаджэнне.

«Не дазволім, каб у нас скралі надзею, не дазволім, каб яе знішчылі хуткацечныя рашэнні і прапановы, якія не даюць нам ісці па шляху, “размываюць” час, ператвараючы яго ў прастору. Час заўсёды перавышае прастору. У прасторы крышталізуюцца праекты, час жа заўсёды накіраваны ў будучыню і мабілізуе, каб ісці надзеяй», - напісаў у апошніх радках энцыклікі «Lumen Fidei» папа Францішак, якога цытуе Ватыканскае радыё.

Як тлумачыць сам Папа, гэты дакумент, адрасаваны біскупам, святарам, дыяканам, законнікам і ўсіх свецкім вернікам, «амаль поўнасцю» быў напісаны Бэнэдыктам XVI, а цяперашні Пантыфік зрабіў у яго толькі «некаторы ўнёсак».

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.