Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец: у душпастырстве важна быць прасякнутым Хрыстовай любоўю
Святы Айцец
08.07.2013 12:07

7 ліпеня Святы Айцец Францішак узначаліў у ватыканскай базыліцы Імшу з удзелам семінарыстаў і навіцыяў, якія прыбылі ў Рым практычна з усяго свету з пілігрымкай у Год веры. У гаміліі Папа казаў пра радасць суцяшэння, крыж і малітву ў святарскім служэнні.

Пантыфік адзначыў, што радасць суцяшэння звязана з пасланнем надзеі, якое павінен несці кожны хрысціянін і якое дае супакой і радасць, а носьбітамі суцяшэння можна быць толькі тады, калі мы самі спазналі радасць Божай любові. Папа падсумаваў хрысціянскую місію некалькімі словамі: «Адчуць Божае суцяшэнне і перадаць яго далей!»

Душпастырская плённасць, адзначыў Святы Айцец, немагчыма без крыжа Езуса, які з’яўляецца кропкай адліку місіі хрысціяніна. Плённасць абвяшчэння Евангелля не вымяраецца поспехам ці правалам паводле чалавечых крытэрыяў — яна вынікае з логікі Хрыстовага крыжа, што звязана з логікай адмовы ад сябе, логікай любові, звярнуў увагу Папа. Гаворка ідзе толькі пра крыж з Хрыстом, бо часта прапануюць крыж без Яго. Толькі крыж з Хрыстом «гарантуе ўрадлівасць нашай місіі», дадаў Святы Айцец, якога цытуе Ватыканскае радыё.

Працаўнікі жніва Пана, заўважыў папа Францішак, не выбіраюцца праз рэкламныя кампаніі або заклікі да велікадушнасці і служэння — яны абіраюцца і пасылаюцца Богам.

Пантыфік звярнуў увагу і на рызыкі, якія стаяць перад Касцёлам, заўважыўшы, што заўсёды існуе спакуса паддацца празмернай актыўнасці, занадта вялікаму даверу да структур. Езус жа напярэдадні любога рашэння або важнай падзеі заставаўся на малітве, інтэнсіўнай і працяглай. Паводле Папы, святару і таму, хто рыхтуецца да святарства, трэба культываваць «кантэмпляцыйнае вымярэнне», нават у віхуры абавязкаў і надзённых праблем, і чым больш місія заклікае ісці на перыферыі існавання, тым больш сэрца павінна яднацца з Хрыстом, поўным міласэрнасці і любові. У гэтым «заключаецца сакрэт пастырскай плённасці, плённасці вучня Пана».

«Распаўсюджанне Евангелля не гарантуецца колькасцю асобаў, прэстыжам установы або колькасцю даступных рэсурсаў. Важна тое, каб быць прасякнутым Хрыстовай любоўю, быць кіраваным Духам Святым», — сказаў падчас сустрэчы з семінарыстамі і навіцыямі папа Францішак.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.