8 ліпеня папа Францішак падчас свайго першага афіцыйнага апостальскага візіту на востраў Лампедуза ўзначаліў на стадыёне вострава святую Імшу з удзелам тысяч мясцовых жыхароў і імігрантаў, якія прыбылі галоўным чынам з Афрыкі. Менавіта пра іх трагедыю казаў падчас гаміліі Пантыфік.
Як паведамляе Ватыканскае радыё, Папа адзначыў, што многія з іх загінулі ў моры, на лодках, якія замест таго, каб прывесці іх да надзеі, праклалі дарогу да смерці. Пантыфік узгадаў пра нядаўняе патапленне лодкі з эмігрантамі каля берагоў Лампедузы і прызнаўся, што менавіта гэтая навіна прымусіла яго прыбыць на востраў, «каб маліцца, прадэманстраваць блізкасць, але і абудзіць наша сумленне, каб тое, што адбылося, больш не паўтарылася». Пантыфік падзякаваў мясцовым жыхарам, валанцёрам і сілам бяспекі, якія дэманструюць сваю ўвагу да эмігрантаў, і запэўніў апошніх, што Касцёл разам з імі ў пошуку больш годнага жыцця для іх і іх сем’яў.
Святы Айцец спаслаўся на біблійны фрагмент, дзе Бог шукае Адама пасля першароднага граху. «“Адам, дзе ты?” — гэта першае пытанне, якое Бог задае чалавеку пасля граху», — нагадаў Папа, дадаўшы, што гэтае пытанне скіравана да дэзарыентаванага чалавека, які страціў месца ў сусвеце, бо паверыў, што стане мацнейшым, будзе дамінаваць над усім, стане Богам. Менавіта пасля граху, заўважыў Пантыфік, была парушана гармонія: чалавек памыляецца, і гэта адлюстроўваецца на адносінах з бліжнім: ён больш не брат, якога трэба любіць, а проста той, які непакоіць маё жыццё, мой дабрабыт. Мара аб тым, каб «быць магутным, каб быць гэтак жа вялікім, як Бог», прыводзіць «да ланцуга памылак, ланцуга смерцяў, прыводзіць да праліцця крыві брата».
Гэтыя два пытанні, па словах Папы, гучаць і сёння з такой жа сілай, бо сённяшні чалавек дэзарыентаваны, больш не ўважлівы да свету, у якім жыве, не клапоціцца аб ім і аб тых, хто побач. «Нашы браты і сёстры спрабавалі выйсці са складанай сітуацыі, каб знайсці крыху спакою і міру, у пошуку лепшага месца для сябе і сваіх сем’яў, але загінулі», — сказаў Папа і запрасіў быць салідарнымі з эмігрантамі, разумець і прымаць іх.
«Хто нясе адказнасць за кроў эмігрантаў?» – запытаў Пантыфік і адзначыў, што кожны адказвае сёння: «Не я!» Папа назваў гэта «глабальнай абыякавасцю»: «Мы ўжо прывыклі да пакутаў іншых, яны нас не кранаюць, не клапоцяць, гэта не наша справа». Святы Айцец заахвоціў прасіць Бога сцерці тое, што засталося ў нашых сэрцах ад Ірада, прасіць аб міласэрнасці, каб знішчыць абыякавасць і жорсткасць у свеце. Пантыфік папрасіў прабачэння «за абыякавасць шматлікіх братоў і сясцёр», тых, хто «закрываецца ў сваім уласным дабрабыце, які прыводзіць да знячулення сэрца», і тых, хто «сваімі рашэннямі па ўсім свеце стварыў сітуацыі, якія прыводзяць да такіх трагедый», як тая, што здарылася на Лампедузе.
Папа Францішак, біскупы і святары былі апрануты падчас Імшы ў літургічную вопратку фіялетавага колеру, якая ўжываецца падчас пахавальных набажэнстваў.
Па дарозе на Лампедузу Святога Айца суправаджалі рыбакі, і Папа кінуў у ваду вянок у памяць аб тых, хто страціў жыццё ў моры. У порце Лампедузы Пантыфік сустрэўся з групай імігрантаў, падзякаваў ім за прыём і запрасіў маліцца адно за аднаго. Выхадцы з Афрыкі і Блізкага Усходу падзякавалі Святому Айцу за візіт і паведамілі, што пакінулі свае краіны па палітычнай і эканамічнай прычынах, а каб трапіць на Лампедузу, прайшлі доўгі шлях праз перашкоды і пакуты. Імігранты папрасілі Папу дапамагчы ім дастукацца да міжнароднай супольнасці, каб тая дапамагла ім. Яны расказалі пра абмежаванні, якія вымушаны цярпець, і выказалі надзею, што будуць мець магчымасць перасяліцца ў іншыя еўрапейскія краіны ў пошуку лепшай будучыні.
(AG)
|