Сусветны дзень моладзі: Папа наведае санктуарый Маці Божай у Апарэсідзе |
Святы Айцец
|
17.07.2013 15:25 |
Падчас візіту на Сусветны дзень моладзі ў Бразілію Святы Айцец Францішак наведае санктуарый Маці Божай у Апарэсідзе. Менавіта там у 2007 г. пасля візіту Бэнэдыкта XVI кардынал Берголіа, сённяшні Папа, узначаліў камітэт па распрацоўцы выніковага дакумента V Усеагульнай канферэнцыі лацінаамерыканскага епіскапату. У Апарэсідзе штогод збіраюцца каля 8 мільёнаў пілігрымаў, давяраючыся заступніцтву Маці Божай.
Выява «чорнай Дзевы» звязана з пакутамі народа, «разбітага» рабствам, як была разбіта гэтая выява, знойдзеная ў 1717 годзе рыбакамі ў рацэ Параібе. У сетках яны знайшлі спачатку гліняны корпус статуі, а затым галаву — чорную, як колер скуры рабоў. Маці Божая Апарэсіды стала знакам надзеі для Бразіліі.
У 1980 г., як нагадвае руская рэдакцыя Ватыканскага радыё, санктуарый наведаў Ян Павел ІІ, а ў 2007 г. Бэнэдыкт XVI.
Узгадваючы дні, праведзеныя ў Апарэсідзе, кардынал Берголіа казаў, што гэта быў «момант ласкі для Касцёла ў Лацінскай Амерыцы». У тэксце выніковага дакумента V Усеагульнай канферэнцыі лацінаамерыканскага епіскапату знаходзіцца акцэнт на місіянерстве Касцёла і ўсяго Божага Народа, заклік да жыцця паводле Евангелля, словы пра радасць евангелізацыі. (AG)
|