Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа ў Бразіліі: мэта майго падарожжа — ажывіць полымя братэрскай любові, якое гарыць у кожным сэрцы
Святы Айцец
23.07.2013 11:20

22 ліпеня пасля прыбыцця ў Бразілію папа Францішак накіраваўся ў прэзідэнцкі палац, дзе на адкрытай пляцоўцы адбылася цырымонія прывітання. У прамове Пантыфік падкрэсліў шчыльныя вузы, якія спалучаюць Бразілію з Апостальскай Сталіцай і з наступнікам св. Пятра.

«Я ведаю, што, каб быць прынятым бразільскім народам, неабходна прайсці праз браму яго вялікага сэрца, — сказаў Папа, якога цытуе Ватыканскае радыё. — Як у апостала, у мяне няма ані золата, ані срэбра, але прыношу вам больш каштоўнае: Езуса Хрыста». Святы Айцец дадаў, што прыбыў на кантынент «ў Яго імя», а таксама патлумачыў, што мэта падарожжа — «ажывіць полымя братэрскай любові, якое гарыць у кожным сэрцы».

«Жадаю, каб вы прынялі маё прывітанне: супакой Хрыста няхай будзе з вамі», — звярнуўся Папа да ўсіх, хто яго прыйшоў вітаць. Святы Айцец падкрэсліў, што прыбыў у Бразілію, каб сустрэцца з маладымі людзьмі з усяго свету, якіх «чакала тут з распасцёртымі абдымкамі статуя Хрыста Збаўцы».

Кажучы пра ўдзельнікаў Дня моладзі, Пантыфік заўважыў: «Яны прыбылі з розных кантынентаў, гавораць на розных мовах, прадстаўляюць розныя культуры, аднак у Хрысце знаходзяць адказы на свае найбольш узнёслыя імкненні, якія іх яднаюць; могуць у Ім заспакоіць голад чыстай праўды і сапраўднай любові. Вось што іх аб’ядноўвае па-над усялякай разнароднасцю».

Папа дадаў, што ўсведамляе тое, што, калі звяртаецца да моладзі, то праз іх таксама звяртаецца да іх бацькоў, іх касцёльных супольнасцяў і ўсяго грамадства, у якім яны жывуць: да людзей, ад якіх залежыць будучыня новых пакаленняў. «Маладыя людзі з’яўляюцца зрэнкаю нашага вока. Яны, як тое акно, праз якое святло ўваходзіць у нас, праз якое прыходзіць у свет будучыня, што ставіць перад намі новыя шматлікія выклікі», — адзначыў Святы Айцец.

Пантыфік нагадаў, што старэйшае пакаленне будзе на вышыні абяцання перад маладымі людзьмі, калі здолее забяспечыць ім прастору, здолее даць моцны фундамент, на якім можна далей будаваць жыццё, здолее гарантаваць бяспеку і адукацыю, каб кожны малады чалавек мог станавіцца тым, кім хоча быць; калі перадасць яму трывалыя каштоўнасці, дзеля якіх варта жыць.

Напрыканцы папа Францішак сцвердзіў, што сваім візітам хоча ахапіць увесь бразільскі народ, з яго складаным чалавечым, культурным і рэлігійным багаццем: ад Амазоніі да пампы, ад засушлівых рэгіёнаў поўдня да Пантанала (вялікай раўніны на поўначы Бразіліі); ад малых вёсак да вялізных метраполій.

Потым Папа пагутарыў з Прэзідэнтам краіны, сустрэўся з губернатарам штата Рыа-дэ-Жанэйра, мэрам горада і сем’ямі. Затым Пантыфік накіраваўся ў рэзідэнцыю арцыбіскупа Сумарэ, дзе будзе знаходзіцца да 24 ліпеня.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.