Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Прэс-служба Апостальскай Сталіцы: Пантыфік задаволены прыёмам у Рыа-дэ-Жанэйра
Святы Айцец
23.07.2013 12:09

Як паведаміў старшыня Прэс-службы Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыко Ламбардзі, Святы Айцец быў «вельмі задаволены» прыёмам у Рыа. Аўторак 23 ліпеня стане днём адпачынку Пантыфіка пасля 12-гадзіннага пералёту: у гэты дзень не прадугледжаны адкрытыя падзеі з удзелам Папы, а адкрыццё Сусветнага дня моладзі традыцыйна пройдзе ў другой палове дня без Святога Айца.

Як інфармуе Ватыканскае радыё, прыезд Папы ў Рыа-дэ-Жанэйра пачаўся з падзеі, якая стала сапраўдным выклікам для службы бяспекі: падчас падарожжа Пантыфіка па горадзе ў невялікім малалітражным аўтамабілі натоўп акружыў машыну, і яна затрымалася. Святы Айцец пачаў вітаць народ. Ксёндз Фэдэрыко Ламбардзі адзначыў «унікальны досвед» і «вялікі энтузіязм» бразільцаў. Сітуацыя з бяспекай не выходзіла з-пад кантролю, заявіў святар.

Праграму нязначна змяніў толькі кароткі пералёт Пантыфіка верталётам, які быў здзейнены па патрабаванні бразільскіх уладаў, паколькі ўезд у Губернатарскі палац быў заблакаваны вялікім натоўпам.

Ксёндз Ламбардзі выказаўся таксама адносна выбуховай прылады, якая была знойдзена ў панядзелак у Апарэсідзе, куды Папа накіруецца 24 ліпеня. Гэты інцыдэнт не мае нічога супольнага з запланаваным падарожжам Пантыфіка, паведаміў прадстаўнік Святога Пасаду, спасылаючыся на бразільскую паліцыю, і не паўплывае на візіт Папы, бо не выклікае «ніякіх прычын для турботы», таксама ў Святога Айца.

Падчас пералёту Папы з Рыма ў Рыа не было прэс-канферэнцыі і адбылася толькі кароткая сустрэча Пантыфіка з журналістамі.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.