Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік да журналістаў: прашу вас дапамагчы мне і працаваць на дабро грамадства маладых і пажылых
Святы Айцец
23.07.2013 15:37

Мэта паездкі ў Бразілію — сустрэча з маладымі людзьмі, якіх нельга ізаляваць; ім трэба дапамагаць вырашаць цяжкасці кожнага дня, а таксама праблемы, звязаныя з працай, — нагадаў папа Францішак журналістам падчас палёту на Сусветны дзень моладзі. Пантыфік звярнуўся да прадстаўнікоў СМІ ў самалёце.

Як паведамляе руская рэдакцыя Ватыканскага радыё, Святы Айцец, звяртаючыся да журналістаў, падкрэсліў рызыку атрымаць пакаленне беспрацоўных, а таксама заўважыў, што маладыя маюць дакладную прыналежнасць – яны належыць сям’і, радзіме, пэўнай культуры і веры. Яны, па словах Папы, валодаюць багаццем, якое складае будучыню кожнага народа. Але будучыня, дадаў Пантыфік, належыць і пажылым людзям, бо яны захоўваюць «мудрасць жыцця», гісторыі, айчыны і сям’і. «У народа ёсць будучыня, калі ён ідзе наперад моцай маладых і пажылых», — падкрэсліў Папа.

Святы Айцец паразважаў пра эканамічны крызіс і пра магчымасць для моладзі застацца без працы. «Мы рызыкуем атрымаць пакаленне, якое не мае працы, у той час як менавіта праца дае годнасць чалавеку, дае магчымасць зарабіць сабе на хлеб», — сказаў Пантыфік, дадаўшы, што гэтай рызыцы спрыяе і «культура адыходаў», культура выключэння, якая адштурхоўвае на ўзбочыну жыцця таксама пажылых людзей, у той час як трэба ствараць «культуру ўключэння, культуру сустрэчы».

«Я прашу вас дапамагчы мне і працаваць на дабро грамадства маладых і пажылых», — з такімі словамі звярнуўся Папа да журналістаў.

Сустрэчу з Пантыфікам адкрыў старшыня Прэс-службы Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыко Ламбардзі, які прадставіў Святому Айцу журналістаў, у тым ліку 10 бразільцаў, якія прыбылі са сваёй краіны ў Рым, каб вярнуцца разам з Папам.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.