Папа Францішак 24 ліпеня ў межах візіту ў Бразілію наведаў санктуарый Маці Божай у Апарэсідзе. Пантыфік адзначыў, што гэтае месца мае для яго важнае значэнне, паколькі менавіта тут нарадзіўся «Дакумент з Апарэсіды», які «паўстаў са спляцення сустрэчы біскупаў і простай веры пілігрымаў, пад матчынай апекай Марыі». Святы Айцец узначаліў у санктуарыі Імшу.
Папа сказаў, што, акрамя таго што прыбыў на Сусветны дзень моладзі, прыехаў у Бразілію, «каб пастукаць у дзверы дома Марыі, якая любіла і выхоўвала Езуса, просячы, каб дапамагала нам усім: пастырам Божага народу, бацькам і настаўнікам, у перадачы нашай моладзі тых каштоўнасцяў, якія зробяць яе стваральнікамі народу і свету больш справядлівага, салідарнага і братэрскага». Як паведамляе Ватыканскае радыё, Пантыфік нагадаў пра «тры простыя паставы», якія павінен культываваць сучасны хрысціянін: захаванне надзеі, дазвол Богу здзіўляць і радасць жыцця.
Як адзначыў Папа, хоць «існуе шмат цяжкасцяў у жыцці кожнага з нас», але якімі б вялікімі яны ні здаваліся, Бог ніколі не дазваляе, каб гэтыя цяжкасці нас знішчылі. «Няхай у вашым сэрцы будзе ўпэўненасць, што Бог ідзе з вамі, ніколі вас не пакідае! Не губляйце надзеі!» — заклікаў Святы Айцец, дадаўшы, што «зло існуе ў нашай гісторыі», але не яно самае моцнае — «самым моцным з’яўляецца Бог, і Бог ёсць наша надзея».
Пантыфік з жалем адзначыў, што сёння «моладзь часта зачаравана шматлікімі ідаламі, якія занялі месца Бога і, здаецца, даюць надзею: грошы, поспех, уладу, задавальненне», і гэта вынік «пачуцця адзіноты і пустаты».
Папа заўважыў, што Бог дзейнічае і здзіўляе «нават ва ўмовах цяжкасцяў». Прыкладам можа служыць гісторыя санктуарыя ў Апарэсідзе: рыбакі пасля дня, калі нічога не злавілі ў водах Парнаібы, знайшлі нечаканае: статую Маці Божай Беззаганна Зачатай. Па словах Пантыфіка, «Бог захоўвае для нас заўсёды найлепшае» і хоча, каб мы дазволілі Яго любові здзіўляць нас, прымалі нечаканасці з Яго боку. Папа заклікаў «давяраць Богу».
«Хрысціянін – радасны, ніколі не сумны», — падкрэсліў Святы Айцец, патлумачыўшы, што матыў гэтага – пачуццё пастаяннай прысутнасці Бога, адчуванне Яго любові. «Калі мы адчуваем, як Хрыстус нас любіць, наша сэрца “запаліцца” настолькі вялікай радасцю, што яна перадасца тым, якія жывуць побач з намі», — сказаў папа Францішак. 24 ліпеня Святы Айцец наведае таксама шпіталь імя св. Францішка Асізскага, дзе адкрые новае аддзяленне, у якім будуць праходзіць лячэнне маладыя нарказалежныя пацыенты.
(AG)
|