Папа Францішак заклікаў да мужнай барацьбы з незаконным абаротам наркотыкаў у Лацінскай Амерыцы, падкрэсліўшы, што гэта зло, якое выклікае насілле, боль і смерць, і таму патрэбны адважныя крокі для яго знішчэння з боку ўсяго грамадства. 24 ліпеня Пантыфік наведаў клініку імя св. Францішка Асізскага ў Рыа-дэ-Жанэйра, якая спецыялізуецца на лячэнні людзей з залежнасцямі, перш за ўсё наркаманаў.
Як інфармуе Ватыканскае радыё, Папа з асуджэннем выказаўся пра тэндэнцыі ў лацінаамерыканскіх краінах да легалізацыі некаторых відаў наркотыкаў. Вырашэнне праблемы наркаманіі, паводле Пантыфіка, патрабуе спачування, клопату і любові, а замест гэтага часта ў грамадстве пераважае эгаізм.
«Чума гандлю наркотыкамі, якая вядзе да насілля і сее боль і смерць, патрабуе акту мужнасці грамадства ў цэлым. Немагчыма абмежаваць распаўсюджванне і ўздзеянне хімічнай залежнасці шляхам лібералізацыі наркотыкаў, што ў цяперашні час абмяркоўваецца ў розных частках Лацінскай Амерыкі, — сказаў Святы Айцец, звяртаючыся да 500 пацыентаў, медыкаў і іх сем’яў. — Трэба заняцца праблемамі, якія ляжаць у аснове іх выкарыстання, распаўсюджваючы справядлівасць, выхоўваючы моладзь да каштоўнасцяў, якія будуюць супольнае жыццё, суправаджаючы тых, хто адчувае цяжкасці і даючы надзею на будучыню. Мы ўсе павінны зірнуць на іншых вачамі любові Хрыста, навучыцца абдымаць патрабуючых».
Па словах Папы, проста абняць чалавека, які знаходзіцца ў цемры залежнасці, недастаткова — трэба падаць яму руку дапамогі і сказаць: «Ты можаш падняцца, выйсці з гэтага, гэта цяжка, але магчыма, калі жадаеш». Людзям, якія змагаюцца супраць залежнасці, Пантыфік нагадаў, што толькі яны самі могуць прыняць рашэнне змагацца і ўстаць, і ніхто не можа зрабіць гэтага за іх. «Ваша дарога – доўгая і цяжкая, але глядзіце наперад», — дадаў Святы Айцец, заклікаўшы маладых нарказалежных не дазволіць нікому скрасці ў іх надзею, а ўсіх іншых – гэтай надзеі не красці, а наадварот, несці яе патрабуючым.
Папа назваў бальніцу «санктуарыем чалавечага цярпення» і месцам, дзе чалавек атрымлівае магчымасць вызваліцца ад бажка залежнасці, зразумеўшы, што «не рэчы, маёмасць, бажкі гэтага свету, з’яўляюцца сапраўдным багаццем і прыносяць сапраўдную радасць, але наследаванне Хрыста і служэнне іншым». Пантыфік прызнаўся, што ў бальніцы, месцы барацьбы з хімічнай залежнасцю, хацеў бы абняць кожнага і прасіць, каб Бог напоўніў іх жыццё сэнсам і надзеяй.
Святы Айцец падзякаваў супрацоўнікам клінікі за служэнне і пажадаў спаўняць яго ў любові і спачуванні, а таксама звярнуўся да сем’яў нарказалежных, нагадаўшы, што яны не самотныя: «Касцёл не далёка ад вашых намаганняў; ён суправаджае вас з любоўю. Пан побач з вамі і трымае вас за руку. Глядзіце на Яго ў самыя цяжкія моманты, Ён дасць вам суцяшэнне і надзею».
Папа паразмаўляў з пацыентамі, якія расказалі яму пра свае цярпенні. Таксама Святы Айцец наведаў шпітальную капліцу, дзе памаліўся, і благаславіў новае тэрапеўтычнае аддзяленне для лячэння нарказалежных, будаўніцтва якога было прафінансавана італьянскім епіскапатам.
Клініка св. Францішка Асізскага, якой кіруе супольнасць свецкіх францішканаў, размешчана на паўднёвай ўскраіне Рыа-дэ-Жанэйра. Яна была заснавана ў 1985 г. і прапануе тэрапію для залежных ад наркотыкаў і алкаголю, а таксама хірургічную дапамогу. Шпіталь разлічаны ў цяперашні час на 500 пацыентаў.
(AG)
|