Папа Францішак выказвае спачуванні ў сувязі з аварыяй каля Санц’яга-дэ-Кампастэла |
Святы Айцец
|
25.07.2013 13:47 |
Папа Францішак маліўся за загінуўшых і параненых у буйной чыгуначнай аварыі каля Санц’яга-дэ-Кампастэла. Пантыфік, які знаходзіцца ў Бразіліі, быў паінфармаваны аб аварыі і выказаў глыбокі смутак.
Старшыня Прэс-службы Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыко Ламбардзі запрасіў журналістаў, якія прысутнічалі на брыфінгу, прысвечанаму візіту Папы ў Бразілію, да хвіліны маўчання і малітвы. Святар нагадаў, што катастрофа адбылася напярэдадні свята св. Якуба і што сярод ахвяр, хутчэй за ўсё, былі многія, хто падарожнічаў як пілігрымы на ўрачыстасці ў «горад Апостала».
Як паведамляе Ватыканскае радыё, іспанскі епіскапат апублікаваў пасланне салідарнасці ад імя свайго старшыні кардынала Антоніо Варэла, які ўдзельнічае зараз, як і многія іншыя іспанскія біскупы, у Сусветным дні моладзі ў Рыа-дэ-Жанэйра. Як сказаў іерарх, Папа запэўніў яго, што будзе маліцца за пацярпелых у катастрофе падчас Імшы 25 ліпеня ў дыяцэзіяльным гасцявым доме ў Рыа, дзе Пантыфік пражывае ў межах візіту ў Бразілію.
Экспрэс з Мадрыда сышоў з рэек 23 ліпеня ўвечары ў непасрэднай блізкасці ад станцыі Санц’яга-дэ-Кампастэла. У цягніку было каля 240 пасажыраў. З іх загінулі 77, паранены 125. (AG)
|