Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Вы не адны, Касцёл з вамі, Папа з вамі»: Святы Айцец наведаў бразільскія фавэлы
Святы Айцец
25.07.2013 20:43

25 ліпеня ў межах свайго прабывання ў Бразіліі Святы Айцец Францішак наведаў фавэлы (трушчобы) Варжынья. Звяртаючыся да іх жыхароў, Папа прызнаўся, што яго жаданнем было «наведаць усе раёны гэтай краіны», і ён хацеў бы «пастукацца ў кожныя дзверы, сказаць „добры дзень“, папрасіць шклянку халоднай вады, выслухаць сэрца кожнага».

«Як гэта цудоўна быць прынятым з любоўю, з адкрытым сэрцам, з радасцю! – дадаў Пантыфік, чые словы прыводзіць руская рэдакцыя Ватыканскага радыё. — Дастаткова ўбачыць, як вы ўпрыгожылі вуліцы супольнасці; гэта таксама з’яўляецца знакам любові, нараджаецца з вашага сэрца».

«Я ведаю, што калі галодны чалавек стукаецца ў вашы дзверы, вы заўсёды знаходзіце спосаб падзяліцца з ім ежай; як кажа прыказка, заўсёды можна „разбавіць фасолевы суп вадой“! — працягваў Папа, звяртаючыся да жыхароў гэтага беднага раёна. — І вы гэта робіце з любоўю, паказваючы, што сапраўднае багацце не ў рэчах, а ў сэрцы!» Па словах Святога Айца, «бразільскі народ, асабліва самыя простыя людзі, могуць прапанаваць свету ўрок салідарнасці, паняцця, пра якое часта „забываюць“ або замоўчваюць».

Пантыфік звярнуўся з заклікам да «тых хто валодае вялікімі рэсурсамі, да грамадзянскіх уладаў і ўсіх людзей добрай волі»: «Не стамляйцеся працаваць дзеля больш справядлівага і салідарнага свету!» «Ніхто не павінен заставацца абыякавым да няроўнасцяў, якія ўсё яшчэ існуюць у свеце!» — падкрэсліў Папа.

«Толькі здольнасць дзяліцца робіць нас па-сапраўднаму багацейшымі, — звярнуў увагу Святы Айцец. — Мера велічы любога грамадства выражана ў тым, як яно ставіцца да самых патрабуючых, да тых, у каго няма нічога, акрамя беднасці!»

«Дарагія сябры, канешне, трэба даць хлеб галодным, — працягваў Пантыфік. — Але ёсць іншы, больш глыбокі голад, - прагненне шчасця, якое можа наталіць толькі Бог». Папа адзначыў, што «няма сапраўднага спрыяння агульнаму дабру», калі ігнаруюцца галоўныя рэчы, нематэрыяльныя даброты: жыццё, сям’я, адукацыя, здароўе, бяспека.

Звяртаючыся да моладзі, Святы Айцец сказаў: «Вы, дарагая моладзь, асабліва адчуваеце несправядлівасць, але часта застаецеся расчараванымі… Вам таксама і ўсім я паўтараю: ніколі не падайце духам, не губляйце даверу, не давайце згашаць вашу надзею… Старайцеся самі, першымі, несці дабро, не прывыкайце да зла, але перамагайце яго».

«Вы не адны, Касцёл з вамі, Папа з вамі, — запэўніў Пантыфік жыхароў Варжыньі. — Я нашу кожнага з вас у маім сэрцы і далучаюся да малітваў, якія вы захоўваеце глыбока ў душы».

Фавэлы – бедныя раёны на схілах гор у Бразіліі, дзе людзі жывуць у самастойна сканструяваных бараках. Тут шырока распаўсюджана злачыннасць і вельмі дрэнныя санітарныя ўмовы.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.