25 ліпеня Святы Айцец Францішак сустрэўся з моладдзю на пляжы Копакабана ў Рыа-дэ-Жанэйра. Едучы ў папамабілі, Пантыфік вітаў сабраных, а пасля звярнуўся да іх са сваім словам.
Звяртаючыся да моладзі, якая сабралася, нягледзячы на не вельмі спрыяльнае надвор’е, Папа адзначыў: «Я чуў, што жыхары Рыа-дэ-Жанэйра не любяць холад і дождж, але вы паказваеце, што ваша вера мацней, чым холад і дождж. Віншую! Вы сапраўдныя героі!»
«Я бачу ў вас прыгажосць маладога твару Хрыста, і маё сэрца напаўняецца радасцю!» — дадаў Пантыфік і нагадаў пра Сусветны дзень моладзі, які прайшоў у 1987 г. з удзелам папы Яна Паўла ІІ. «Я захоўваю ў памяці гэтыя словы благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ, звернутыя да моладзі: „У мяне вялікія надзеі на вас! Перша за ўсё я спадзяюся, што вы абновіце вашу вернасць Езусу Хрысту і Яго збаўленчаму крыжу“», — сказаў папа Францішак, чые словы прыводзіць руская рэдакцыя Ватыканскага радыё.
Пантыфік нагадаў таксама пра аварыю ў французскай Гвіяне, у якую трапіла моладзь, што ехала на сёлетнюю сустрэчу, і заахвоціў прысутных да хвіліны маўчання і малітвы за параненых і іх родных.
«Вы адгукнуліся на заклік папы Бэнэдыкта XVI, які склікаў вас правесці гэты дзень, — працягваў Святы Айцец. — Падзякуем яму ад усяго сэрца! Яму, які сабраў нас сёння тут, пашлем прывітанне і бурныя апладысменты. Вы ведаеце, што перш чым паехаць у Бразілію, я гаварыў з ім (…) і ён мне сказаў: я суправаджаю Вас малітвай і буду ля тэлевізара. Такім чынам, у гэтыя хвіліны ён глядзіць на нас».
«Сёння Хрыстус жадае прыйсці сюды, каб умацаваць вас у веры (…), але і я таксама прыйшоў, каб быць умацаваным энтузіязмам вашай веры! — прызнаўся Папа. — Вы ведаеце, што ў жыцці біскупа ёсць шмат праблем, якія патрабуюць вырашэння. І з гэтымі праблемамі і цяжкасцямі вера біскупа можа страціць радасць. Як жудасна бачыць сумнага біскупа! Жудасна! І вось, каб мая вера не была сумнай, я прыйшоў сюды, каб заразіцца вашым энтузіязмам».
«Я вітаю вас усіх з любоўю, — сказаў Пантыфік. — Тым, хто звязан з намі пасрэдніцтвам радыё, тэлебачання і інтэрнэта, я кажу: запрашаем на гэтае вялікае свята веры!»
«Усіх і кожнага абдымаю з любоўю ў Езусе і з Езусам», — дадаў Папа. (AG)
|