Вечарам 26 ліпеня Святы Айцец Францішак прыняў удзел у набажэнстве Крыжовага шляху з маладымі вернікамі, сабранымі на Сусветным дні моладзі ў Рыа-дэ-Жанэйра. На заканчэнне набажэнства Папа звярнуўся да моладзі са словам.
«Я б хацеў, каб сёння, суправаджаючы Пана, у вашых сэрцах знайшлі водгук тры пытанні: што пакінулі ў крыжы вы, дарагія юнакі і дзяўчаты з Бразіліі, за два гады, пакуль ён перасякаў вашу вялізную краіну? І што пакінуў крыж Езуса ў кожным з вас? І, нарэшце, чаму вучыць гэты крыж у нашым жыцці?» — сказаў Пантыфік, словы якога прыводзіць руская рэдакцыя Ватыканскага радыё.
«Езус са сваім крыжом праходзіць па нашых дарогах, каб узяць на сябе нашы страхі, нашы праблемы, нашы пакуты, — дадаў Пантыфік. — Праз крыж Езус яднаецца з маўчаннем ахвяраў насілля, якія больш не могуць крычаць, асабліва нявінных і безабаронных; праз яго Езус яднаецца з сем’ямі, якія перажываюць цяжкасці, аплакваюць страту сваіх дзяцей або пакутуюць, бачачы іх ахвярай такога штучнага раю, як наркотыкі; яднаецца з усімі, хто пакутуе ад голаду ў свеце, дзе кожны дзень выкідваюцца тоны ежы; хто церпіць пераслед за рэлігію, ідэі або проста за колер сваёй скуры; са мноствам моладзі, якая страціла давер да палітычных інстытутаў або веру ў Касцёл і нават у Бога з-за непаслядоўнасці хрысціян і слугаў Евангелля».
«У крыжы Хрыста заключана ўся любоў Бога, Яго бясконцая міласэрнасць, — падкрэсліў Папа. — Гэтай любові мы можам давяраць, у яе мы можам верыць. (…) У Езусе пакуты і смерць не маюць апошняга слова».
«Тут мы востра адчуваем пакуючага Хрыста як аднаго з нас, Таго, хто падзяляе наш шлях да канца. Няма такога крыжа ў нашым жыцці, вялікага або маленькага, які не падзяляе з намі Пан», — адзначыў Папа.
«Давайце панясем да крыжа Хрыста нашы радасці, нашы пакуты, нашы няўдачы; мы знойдзем адкрытае сэрца, якое разумее нас, прабачае, любіць і заклікае несці гэтую ж любоў у наша жыццё», — заклікаў моладзь Святы Айцец. (AG)
|