Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа да валанцёраў Дня моладзі: я веру ў вас, моладзь, і малюся за вас
Святы Айцец
29.07.2013 13:21

28 ліпеня перад сваім ад’eздам з Рыа-дэ-Жанэйра Святы Айцец Францішак сустрэўся з валанцёрамі Сусветнага дня моладзі. Іх службу Пантыфік параўнаў з місіяй Яна Хрысціцеля, які падрыхтаваў шлях для Езуса. Па словах Папы, кожны валанцёр уклаў сваю лепту ў тое, каб тысячам маладых людзей «падрыхтаваць дарогу» да сустрэчы з Хрыстом.

Як паведамляе Ватыканскае радыё, Пантыфік адзначыў, што «Бог заклікае да канчатковых рашэнняў, мае свой праект для кожнага», і заклікаў маладых валанцёраў распазнаць Божыя планы адносна сябе і адрэагаваць на пакліканне, ісці і рэалізаваць сваё шчасце.

Бог заклікае да святасці ўсіх, дадаў Папа, але ў Яго ёсць свой унікальны шлях для кожнага. Некаторыя пакліканы асвяціць сябе праз стварэнне сям’і праз сакрамэнт сужэнства, адзначыў Святы Айцец і з жалем дадаў, што для многіх сёння сужэнства – гэта мода, частка культуры часовасці і адноснасці: шмат хто заклікае да «атрымання асалоды» ад сённяшняга дня, не думаючы пра будучыню, кажучы, што не варта браць на сябе абавязак на ўсё жыццё. Пантыфік запрасіў маладых валанцёраў «быць рэвалюцыянерамі» і пайсці супраць плыні, супрацьставіцца «культуры часовасці». «Я веру ў вас, моладзь, і малюся за вас! Майце мужнасць, каб “ісці супраць плыні”! Не бойцеся быць шчаслівымі!» — заклікаў Папа.

Пантыфік дадаў, што сярод моладзі ёсць і тыя, каго Бог кліча да выключнага служэння ў святарстве, манаскім жыцці або ў розных галінах апостальства, каб прыводзіць да Хрыста ўсіх, асабліва найбольш патрабуючых. «Я ніколі не забудуся тое 21 верасня – мне было тады 17 гадоў – калі, пасля таго, як я прыйшоў у касцёл св. Хасэ дэ Флорэса на споведзь, я пачуў у першы раз, што Бог кліча мяне, — прызнаўся Папа. — Не бойцеся таго, што Бог кліча вас! Варта сказаць “так”! У Ім уся наша радасць!» Папа параіў добраахвотнікам Сусветнага дня моладзі заўсёды пытацца Хрыста, чаго Ён чакае ад іх і ў якім напрамку яны павінны ісці.

На моладзевым форуме ў Рыа-дэ-Жанэйра працавала рэкордная колькасць валанцёраў – 60 тысяч. 7 тысяч з іх прыехалі з іншых краін.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.