29 ліпеня падчас вяртання ў самалёце з Рыа-дэ-Жанэйра папа Францішак правёў прэс-канферэнцыю. Пантыфік казаў пра кананізацыю благаслаўлёных Яна ХХІІІ і Яна Паўла ІІ, Ватыканскі банк, служэнне біскупаў, свае планы на будучыню і многае іншае.
Святы Айцец сказаў, што Ватыканскі банк, у што б ён ні быў ператвораны пасля рэформы, павінен адзначацца «празрыстасцю і сумленнасцю». Папа паведаміў, што ёсць тры прапановы: пакінуць гэтую ўстанову ў якасці банку, ператварыць у фонд або ўвогуле зачыніць. «Я не магу сказаць, як скончыцца гэтая гісторыя», — адзначыў Пантыфік, але дадаў, што ідзе інтэнсіўны пошук рашэння. Папа распавёў таксама, што існуюць розныя прапановы рэарганізацыі інстытутаў Святога Пасаду. Гаворка ідзе, напрыклад, пра рэформу сакратарыяту Сіноду Біскупаў. Таксама кансісторыі кардыналаў павінны насіць характар больш практычны. Святы Айцец сказаў, што да эканамічнай часткі рэформы вернецца, хутчэй за ўсё, у наступным годзе, бо гэта, на яго думку, не самае галоўнае, хоць і наспела патрэба ў стварэнні яшчэ адной камісіі, якая б занялася «ўсёй эканомікай Святога Пасаду».
Папа адзначыў, што сустрэў канструктыўную пазіцыю супрацоўнікаў Рымскай Курыі адносна рэформ. Гэта не значыць, што ўсе з усім згодныя, але, па словах Пантыфіка гэта нармальна, калі хтосьці шчыра і адкрыта кажа аб сваёй пазіцыі, нават калі яна не згодная з пазіцыяй Папы.
Журналісты пацікавіліся змесцівам чорнага партфеля, з якім Святы Айцец прыляцеў у Бразілію. Пантыфік прызнаўся, што там знаходзяцца самыя неабходныя для яго ў падарожжы рэчы: брытва, брэвіярый, штодзённік і заўсёды якая-небудзь кніга.
Служэнне біскупа — гэта выдатная рэч, сказаў Папа; праблема ўзнікае, калі хтосьці навязліва імкнецца да біскупства, і гэта не ад Пана. Але калі Бог кліча святара да біскупскага служэння — гэта добра. Існуе заўсёды небяспека быць вышэй за іншых, заўважыў Пантыфік, і гэтага трэба асцерагацца, але служэнне біскупа цудоўнае, бо гэта дапамога братам ісці наперад. «Мне падабаецца быць біскупам, — прызнаўся Папа, — у Буэнас-Айрэсе я быў вельмі шчаслівы». Пантыфік дадаў, што заўсёды адчуваў сябе шчаслівым, і як святар, і як біскуп.
Святы Айцец падзяліўся некаторымі планамі: 22 верасня ён накіруецца з пастырскім візітам у італьянскі Кальяры, а 4 кастрычніка ў Асізі. Таксама плануецца візіт у Ерузалем на святкаванне 50-годдзя сустрэчы папы Паўла VI і Патрыярха Афінагора. На гэтыя ўрачыстасці ўжо ёсць афіцыйнае запрашэнне з боку ізраільскага кіраўніцтва. З візітам у Лацінскую Амерыку «трэба крыху пачакаць», сказаў Папа, маючы на ўвазе родную Аргенціну. Пантыфік прызнаўся, што хацеў бы наведаць Азію — ужо ёсць запрашэнні ў Шры-Ланку і на Філіпіны, — а таксама здзейніць візіт да Патрыярха Канстанцінопальскага Барталамея.
На думку Папы, католікам ёсць чаму павучыцца ў праваслаўных. «Спажывецтва, дабрабыт прынеслі нам столькі шкоды. Вы ж захавалі гэтую прыгажосць Бога ў цэнтры», — адзначыў Пантыфік, якога цытуе Ватыканскае радыё, адказваючы на пытанне журналіста з Расіі. Святы Айцец сказаў, што, калі чытае Дастаеўскага, разумее, што такое руская душа, душа Усходняй Еўропы — «гэта тое, што можа прынесці нам шмат добрага. Нам патрэбна гэтае абнаўленне, гэтае свежае паветра Усходу, святло Усходу».
Харызматычныя рухі ў Касцёле — «гэта ласка ад Святога Духа», лічыць Папа. Пантыфік пагадзіўся з бразільскай журналісткай, на думку якой менавіта гэтыя супольнасці могуць прапанаваць альтэрнатыву пяцідзясятнікам, да якіх масава адыходзяць маладыя лацінаамерыканскія католікі. Святы Айцец прызнаўся, што не адразу зразумеў карысць харызматычных рухаў, але ў пэўны момант убачыў, як шмат яны робяць для Касцёла. Важна, заўважыў Папа, каб такія супольнасці жылі «духам Касцёла».
Святы Айцец адзначыў, што роля жанчын у Касцёле вельмі моцная і не павінна абмяжоўвацца толькі мацярынствам. Па словах Папы, да сённяшняга дня не выпрацавана дакладная «тэалогія жанчыны», і ў яго планах зрабіць гэта. «Немагчыма зразумець Касцёл без жанчын», — падкрэсліў Пантыфік і дадаў, што, у той жа момант, размова не можа ісці пра пасвячэнне жанчын, і гэта канчаткова. «Жанчына ў Касцёле вельмі важная (...), наколькі — над гэтым мы павінны разважаць і тлумачыць лепш», — сказаў Папа.
Пантыфік закрануў пытанне ўдзелу ў жыцці Касцёла людзей, якія жывуць у новым сужэнстве: гэта сапраўдны выклік для тэалогіі, трэба, па словах Папы, развіваць сужэнскае душпастырства ў накірунку дапамогі ім, і не дастаткова вырашаць праблему на ўзроўні касцёльных судоў.
Прагучала і пытанне пра прысутнасць «гей-лобі» ў Ватыкане, на што Папа адказаў, што да гэтага часу ён не сустрэўся з такой з’явай. Пантыфік адзначыў, што само паняцце лобі ўжо носіць на сабе адмоўны адбітак: лобі палітычнае, масонскае, кожнае іншае — гэта заўсёды дрэнна.
«Калі чалавек з’яўляецца геем і шукае Пана і мае добрыя намеры, хто я такі, каб судзіць яго?» — запытаўся папа Францішак. Па словах Пантыфіка, Катэхізіс Каталіцкага Касцёла таксама тлумачыць, што не трэба ізаляваць гэтых людзей, яны павінны быць інтэграваны ў грамадства. Кажучы пра кананізацыю бл. Яна ХХІІІ і бл. Яна Паўла ІІ, Папа сказаў, што лічыць, што яна павінна адбыцца ў цёплую пару года, каб даць магчымасць вернікам з усяго свету прыбыць на ўрачыстасць. Раней, па словах Пантыфіка, правядзенне гэтай падзеі планавалася на 8 снежня, але тады большасць пілігрымаў з Польшчы паедзе ў Рым аўтобусам, а не паляціць самалётам, а гэта, на думку Святога Айца, небяспечна з прычыны галалёду на дарогах, і таму «над датай трэба яшчэ падумаць». «Я размаўляў з кардыналам Дзівішам, і ён мне прапанаваў два тэрміны: падчас сёлетняй урачыстасці Хрыста Валадара ці ў нядзелю Божай Міласэрнасці ў наступным годзе», — сказаў папа Францішак, дадаўшы, што правесці кананізацыю 24 лістапада, ва ўрачыстасць Хрыста Валадара, будзе складана, бо з моманту кансісторыя, прызначанага на 30 верасня, пройдзе мала часу. Такім чынам, хутчэй за ўсё кананізацыю двух Пантыфікаў можна будзе чакаць пасля Вялікадня ў 2014 годзе.
Прэс-канферэнцыя на борце самалёта не была запланавана папярэдне і насіла спантанны характар. Папярэднікі папы Францішка праводзілі сустрэчы з журналістамі ў самалёце перад пачаткам падарожжа. Прэс-канферэнцыя 29 ліпеня, на заканчэнне візіту ў Бразілію, стала новаўвядзеннем. (AG)
|