Папа Францішак наведаў езуіцкую святыню ў Рыме |
Святы Айцец
|
31.07.2013 13:45 |
Паставіць Хрыста ў цэнтр свайго жыцця заклікаў папа Францішак удзельнікаў Эўхарыстыі, якую ўзначаліў у рымскім езуіцкім касцёле Найсвяцейшага Імя Езуса (Іль-Джэзу). Пантыфік наведаў святыню 31 ліпеня, ва ўспамін св. Ігнацыя Лаёлы, заснавальніка Ордэна езуітаў, да якога ён сам належыць.
Як інфармуе Ватыканскае радыё, у літургіі прынялі ўдзел каля 80 законнікаў на чале з Генеральным настаяцелем Ордэна езуітаў кс. Адольфо Нікаласам, супрацоўнікі езуіцкіх структур і прадстаўніцы жаночых манаскіх кангрэгацый, натхнёных ігнацыянскай духоўнасцю.
Перад уваходам у касцёл Святога Айца віталі тысячы вернікаў.
У гаміліі падчас Імшы Папа, між іншым, узгадаў пра кс. Паўла Даль Ольё, які некалькі дзён таму быў выкрадзены ў Сірыі. Святы Айцец таксама звярнуў увагу на прыклад двух езуітаў, якія аддалі жыццё, служачы Евангеллю, — св. Францішка Ксавэрыя і айца Пэдро Арупэ.
На заканчэнне Эўхарыстыі Пантыфік узначаліў працэсію да алтара з рэліквіямі св. Ігнацыя Лаёлы, якія захоўваюцца ў касцёле. Тут Папа запаліў зніч.
Падчас прэс-канферэнцыі па дарозе з Рыа-дэ-Жанэйра ў Рым 29 ліпеня Пантыфік адзначыў, што мае ў сэрцы езуіцкую духоўнасць. «Я адчуваю сябе езуітам і думаю як езуіт», — сказаў Папа.
(AG)
|