Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец у пасланні на Сусветны дзень місій: місійная дзейнасць — важнае заданне кожнага хрысціяніна
Святы Айцец
07.08.2013 12:28

6 жніўня Святы Айцец Францішак скіраваў пасланне на Сусветны дзень місій, які сёлета будзе адзначацца 20 кастрычніка. У пасланні Папа звярнуў увагу, што моц веры вымяраецца здольнасцю перадаваць яе іншым, жыць ёй у любові, сведчыць перад тымі, каго сустракаем і хто падзяляе з намі жыццёвы шлях.

Пантыфік нагадаў, што вера – гэта дар, які нельга захоўваць толькі для сябе, якім трэба дзяліцца. Паводле Папы, якога цытуе Ватыканскае радыё, «місійны запал з’яўляецца праявай сталасці хрысціянскай супольнасці», а супольнасць з’яўляецца «дарослай», калі вызнае веру, з радасцю святкуе яе ў літургіі, жыве любоўю і бесперапынна абвяшчае Божае слова, выходзячы за ўласныя межы і несучы яго на «перыферыі», у першую чаргу тым, хто яшчэ не меў магчымасці пазнаць Хрыста.

Як падкрэслівае Святы Айцец, місійная дзейнасць з’яўляецца не другасным, а першасна важным заданнем для кожнага хрысціяніна, незалежна ад месца яго пражывання і роду заняткаў, таму што «місійнасць датычыцца ўсіх аспектаў хрысціянскага жыцця».

Папа дадаў, што кожны евангелізатар павінен памятаць пра фундаментальны прынцып: нельга абвяшчаць Хрыста без Касцёла. Евангелізацыя «ніколі не можа быць ізаляваным актам, індывідуальным, прыватным, але заўсёды касцёльным». Гэта, па словах Пантыфіка, «дае місіі сілу і дазваляе кожнаму місіянеру і евангелізатару адчуваць, што ён не самотны, але з’яўляецца часткай адзінага Цела, натхнёнага Святым Духам».

Папа нагадаў, што перад абліччам праблем, канфліктаў і цяжкасцяў, якія перажывае сучасны свет, чалавек мае патрэбу ў «надзейным святле», якое «можа падарыць толькі Хрыстус».

«Будзем несці ў гэты свет надзею, што паходзіць ад веры, праз наша сведчанне і любоў! Місійная дзейнасць Касцёла – гэта не празелітызм, але сведчанне аб жыцці, якое асвятляе шлях, нясе надзею і любоў», — адзначыў Папа.

Святы Айцец звярнуў увагу таксама на неабходнасць узаемадзеяння паміж мясцовымі Касцёламі ў розных рэгіёнах, на важнасць дапамогі больш маладым Касцёлам і заданне апошніх дзяліцца свежасцю веры з Касцёламі са старажытнай хрысціянскай традыцыяй.

Пантыфік запэўніў у малітоўнай блізкасці тых людзей, сем’і і супольнасці, якія пакутуюць ад насілля і неталерантнасці, і нагадаў ім словы Езуса: «Будзьце адважнымі, Я перамог свет».

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.