Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: не трэба баяцца ісці да тых, хто мае патрэбу ў дапамозе
Святы Айцец
07.08.2013 14:10

Святы Айцец звярнуўся з відэапасланнем да сваіх суайчыннікаў, сабраных у санктуарыі св. Каэтана ў Буэнас-Айрэсе. Святы Каэтан з’яўляецца апекуном Аргенціны, і ў яго санктуарыі вернікі сустракаюцца штогод 7 жніўня.

Папа Францішак узгадаў тэму сёлетняга святкавання: «З Езусам і святым Каэтанам ідзём на сустрэчу з найбольш патрабуючымі», і заахвоціў вернікаў не забывацца пра тых, якія маюць патрэбу ў дапамозе. Пантыфік заклікаў «падаць ім руку», «глядзець на іх з любоўю», «падзяляць іх боль, трывогі і праблемы», а галоўнае — «не глядзець на іх здалёк або дапамагаць ім здалёк».

Па словах Папы, якія прыводзіць Ватыканскае радыё, у гэтым сэнс паслання Хрыста – ісці на сустрэчу з тымі, якія жывуць у нястачы. Святы Айцец запрасіў «глядзець у вочы» тым, каму даём міласціну.

«Езус вучыць нас перш за ўсё сустракацца і, сустракаючыся, дапамагаць», — падкрэсліў Папа і заклікаў фарміраваць «культуру сустрэчы». Паводле Пантыфіка, не трэба баяцца сустракацца з тымі, хто мае патрэбу ў нас, «хто перажывае дрэнныя часы», горшыя за нашы. «Заўсёды ёсць нехта, каму цяпер горш!» — падкрэсліў Святы Айцец і дадаў, што менавіта з гэтым чалавекам хрысціянін павінен сустрэцца.

Пантыфік заахвоціў аргенцінцаў шукаць тых, якія жывуць у нястачы, і не пакідаць іх самотнымі. «Ідзі, каб дапамагчы ім, усё астатняе будзе зроблена Езусам, усё зробіць Святы Дух», — адзначыў Папа, дадаўшы, што «сустрэча памнажае здольнасць любіць».

Галоўную святую Імшу ў гэты дзень на працягу кіравання архідыяцэзіяй Буэнас-Айрэс узначальваў кардынал Берголіа, сённяшні папа Францішак.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.