Папа прывітаў аргенцінцаў, якія прымуць удзел у зборы ахвяраванняў на патрэбы бедных |
Святы Айцец
|
08.08.2013 11:58 |
Папа Францішак прывітаў аргенцінскіх католікаў, якія прымуць удзел у зборы ахвяраванняў на патрэбы бедных, што пройдзе 8 верасня. Арганізатарам ініцыятывы з’яўляецца мясцовы епіскапат, а яе сёлетні дэвіз — «Давяраем Тваёй дапамозе».
У пасланні, скіраваным ад імя Дзяржаўнага сакратара кардынала Тарчызіо Бэртонэ, Папа падтрымаў усіх, хто хоча ўключыцца ў гэтую ініцыятыву хрысціянскай салідарнасці, «натхнёнай верай у Бога, які сам падарыў нам усё».
Пантыфік заклікаў аргенцінцаў «усё больш станавіцца падобнымі да Хрыста, умацоўваючы сяброўства з Ім праз малітву і ўдзел у сакрамэнтах». Гэта, на думку Святога Айца, дапаможа знайсці сілы, каб «бесперапынна аказваць каштоўнае служэнне і падтрымліваць найбольш патрабуючых, асабліва самых бедных».
Як інфармуе Ватыканскае радыё, падчас нацыянальнага збору ахвяраванняў у мінулым годзе аргенцінскія католікі сабралі каля 3 мільёнаў долараў. Дзякуючы гэтым грошам былі рэалізаваны шматлікія праекты на карысць насельніцтва самых бедных рэгіёнаў краіны. (AG)
|