Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: неспакой, які святы Аўгустын насіў у сэрцы, прывёў яго да сустрэчы з Богам
Святы Айцец
29.08.2013 12:29

28 жніўня Святы Айцец узначаліў Імшу з нагоды адкрыцця генеральнага капітула ордэна аўгустыніянаў. Літургія прайшла ў рымскай базыліцы св. Аўгустына, у ёй прынялі удзел законнікі, законніцы і свецкія кансэкраваныя асобы з усяго свету, якія жывуць паводле рэгулы біскупа Гіпона.

Папа заахвоціў іх адказаць на заклік унутранага неспакою, каб пачаць шукаць Хрыста, а таксама на патрэбы іншых, каб несці ім любоў. Паводле Святога Айца, няўрымслівасць, якая характарызуе св. Аўгустына, можа многаму навучыць і сучасных вернікаў. Пантыфік падзяліўся ўласным досведам у пошуку Бога і паразважаў над трыма рознымі аспектамі неўтаймоўнасці: у духоўным пошуку, у сустрэчы з Богам і ў любові.

«Я б хацеў звярнуцца да тых, хто адчувае сябе абыякавым да Бога, веры, хто знаходзіцца далёка ад Бога і пакінуў Яго. Таксама да нас, з нашымі “аддаленасцямі” і нашымі “адкіданнямі” Бога, магчыма, маленькімі, але шматлікімі ў штодзённым жыцці: паглядзі ў глыбіню твайго сэрца, паглядзі ўнутр сябе і задай пытанне: ці маеш ты сэрца, якое хоча нечага вялікага, ці сэрца, усыплёнае рэчамі?» — сказаў Папа.

Паводле Пантыфіка, неспакой, які святы Аўгустын насіў у сэрцы, прывёў яго да сустрэчы з Богам, а не да закрытасці ў самім сабе.

«Нават у адкрыцці і сустрэчы з Богам Аўгустын не спыніўся, не прылёг, не закрыўся ў самім сябе, як той, хто ўжо дасягнуў мэты, але працягваў шлях. Няўрымслівасць у пошуку праўды, пошуку Бога, стала няўрымслівым жаданнем ведаць Яго больш і выходзіць па-за сябе, каб пазнаёміць з Ім іншых. І менавіта гэта неўтаймоўнасць любові», — адзначыў Святы Айцец.

Папа звярнуў увагу, што святы Аўгустын «не стамляўся абвяшчаць Бога, евангелізацаваць з адвагай, без страху, спрабуючы заўсёды быць вобразам Езуса Добрага Пастыра, які ведае сваіх авечак». «Больш за тое, як я люблю паўтараць, ён “адчуваў пах свайго статку” і выходзіў шукаць згубленых», — падкрэсліў Пантыфік.

«Аўгустын жыў тым, пра што святы Павел казаў Цімафею і ўсім нам: абвяшчай слова, настойліва ў час і не ў час, абвяшчай Евангелле з велікадушным і вялікім сэрцам Пастыра, які неспакойны за сваіх авечак. Скарб святога Аўгустына менавіта ў гэтай пазіцыі: заўсёды выходзіць насустрач Богу, заўсёды выходзіць насустрач статку… ён чалавек які знаходзіцца ў ціску паміж гэтымі двума выхадамі… не “прыватызаваць” любоў… заўсёды крочыць. Заўсёды быць няўрымслівымі», — адзначыў Папа.

Святы Айцец дадаў, што неўтаймоўнасць – гэта таксама любоў, якая заключаецца ў пастаянным пошуку дабра бліжняга. «Неўтаймоўнасць любові падштурхоўвае заўсёды ісці насустрач іншаму, не чакаючы, што іншы выкажа свае патрэбы», — звярнуў увагу Папа.

Паводле Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.