Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец прывітаў удзельнікаў міжрэлігійнага сімпозіума ў Мілане
Святы Айцец
29.08.2013 16:27

Папа Францішак прывітаў удзельнікаў ХІІІ Міжрэлігійнага сімпозіума, які праходзіць у Мілане 28-30 жніўня. У пасланні на імя старшыні Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынала Курта Коха Святы Айцец высока ацаніў значэнне форума, які адбываецца па ініцыятыве Інстытута францішканскай духоўнасці Папскага ўніверсітэта Антоніанум і факультэта праваслаўнай тэалогіі ўніверсітэта Арыстоцеля ў Салоніках.

Папа нагадаў, што мэта сімпозіума заключаецца ў «паглыбленні ведаў аб тэалагічных і духоўных традыцыях Усходу і Захаду, умацаванні братэрскіх, сяброўскіх і навуковых узаемаадносін» паміж членамі гэтых дзвюх устаноў. Па словах Пантыфіка, тэма сустрэчы – «Жыццё хрысціян і палітычная ўлада. Гістарычныя пытанні і актуальныя перспектывы на Усходзе і Захадзе» – цудоўна ўпісваецца ў рамкі ініцыятыў, якія праводзяцца з нагоды 700-гадовага юбілею Міланскага эдыкта.

«Гістарычнае рашэнне, якім была абвешчана рэлігійная свабода для хрысціян, адкрыла новыя шляхі для распаўсюджвання Евангелля і сур’ёзна паспрыяла нараджэнню еўрапейскай цывілізацыі», — адзначыў Папа і пажадаў, каб успамін аб гэтай падзеі натхніў удзельнікаў сімпозіума да разважання аб спосабах узаемадзеяння паміж хрысціянскім светам, грамадскай супольнасцю і ўладамі.

Паводле Папы, на працягу гісторыі на Усходзе і Захадзе гэтае ўзаемадзеянне развівалася па-рознаму, але мела і фундаментальныя агульныя рысы: перакананасць у абмежаванасці свецкай улады Божым законам, гарантаванне неабходнай прасторы для свабоды сумлення, усведамленне паклікання касцёльных і свецкіх уладаў да супрацоўніцтва на карысць інтэгральнага дабра чалавечай супольнасці.

Святы Айцец пажадаў, каб праца сімпозіума прынесла шмат плёнаў і паспрыяла прагрэсу ў гістарычных даследваннях і ўзаемным знаёмстве паміж традыцыямі.

Паводле Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.