Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец прыняў адстаўку кардынала Бэртонэ і прызначыў новага Дзяржаўнага Сакратара
Святы Айцец
31.08.2013 13:30

31 жніўня Святы Айцец Францішак прыняў адстаўку кардынала Тарчызіё Бэртонэ з пасады Дзяржаўнага Сакратара Яго Святасці. Пантыфік папрасіў іерарха застацца на гэтай пасадзе да 15 кастрычніка і адначасова прызначыў новага Дзяржаўнага Сакратара, якім стаў арцыбіскуп Пьетро Паралін, да гэтага часу Апостальскі Нунцый у Венесуэле.

Новы Дзяржаўны Сакратар пачне выконваць свае абавязкі з 15 кастрычніка.

Аб новым прызначэнні Папа паведаміў вышэйшым кіраўнікам і супрацоўнікам Дзяржсакратарыята падчас аўдыенцыі ў Доме св. Марты. Пантыфік падзякаваў кардыналу Бэртонэ за верную і шчодрую службу на карысць Святога Пасаду і ў якасці свайго асабістага прадстаўніка.

Новапрызначаны Дзяржаўны Сакратар нарадзіўся ў 1955 г. у Скьявоне на поўначы Італіі. Атрымаў святарскае пасвячэнне ў 1980 г., працягваў вучобу ў галінах кананічнага права і дыпламатыі ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце. З 1986 г. знаходзіўся на дыпламатычнай службе Святога Пасаду. У 2002 г. прызначаны намеснікам Сакратара па адносінах з дзяржавамі Дзяржсакратарыятa Апостальскай Сталіцы, адным з бліжэйшых супрацоўнікаў кардынала Тарчызіё Бэртонэ. У верасні 2009 г. Бэнэдыкт XVI прызначыў яго Апостальскім Нунцыем у Венесуэле і ўдзяліў яму біскупскую сакру.

Кардынал Бэртонэ прадставіў Святому Айцу просьбу аб адстаўцы з пасады Дзяржаўнагa Сакратара ва ўзросце 79 гадоў, як і яго папярэднік на гэтай пасадзе кардынал Анджэло Садано. Кардынал узначальваў Дзяржсакратарыят з 2006 г.

Паводле Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.