5 верасня папа Францішак сустрэўся з Маранам Базыліосам Мар Фамой Паўласам ІІ, Каталікосам Маланкарскай Сіра-Праваслаўнай Царквы – адной з самых старажытных Усходніх Цэркваў, заснаванай апосталам Тамашам на тэрыторыі Індыі. Каталікос прыбыў у Рым у рамках душпастырскага візіту да вернікаў Маланкарскай Царквы ў Еўропе.
Звяртаючыся да высокага госця, Папа падкрэсліў, што «апостальскае братэрства, якое аб’ядноўвала першых вучняў у служэнні Евангеллю, аб’ядноўвае таксама і сёння» Каталіцкі Касцёл і Маланкарскую Царкву, «нягледзячы на тое, што на працягу часам сумнай гісторыі былі падзелы». Пантыфік дадаў, што, нягледзячы на адсутнасць эўхарырыстычнай еднасці паміж Цэрквамі, іх аб’ядноўвае вера ў Езуса Хрыста, Укрыжаванага і Уваскрослага, якая падштурхоўвае працягваць і ўмацоўваць экуменічную дзейнасць, сустрэчу і дыялог на карысць поўнага адзінства.
Святы Айцец нагадаў, што ў выніку некаторых сустрэч паміж Каталікосам Маранам Базыліосам Мар Фамой Мацвеем І і бл. Янам Паўлам ІІ у 1980-я гг. былі зроблены важныя крокі на шляху збліжэння. У прыватнасці Папа ўзгадаў пра заснавананне Змешанай тэалагічнай камісіі, якая «працягвае сваю каштоўную працу» і прывяла да значных рашэнняў адносна «супольнага выкарыстання культавых будынкаў і могілак, узаемнага прадастаўлення духоўных і літургічных рэсурсаў у асаблівых душпастырскіх сітуацыях, а таксама аб неабходнасці акрэслення новых формаў супрацоўніцтва перад растучымі сацыяльнымі і рэлігійнымі выклікамі».
«Я хацеў нагадаць пра некаторыя этапы гэтага трыццацігадовага збліжэння паміж намі, бо думаю, што на экуменічным шляху важна з даверам глядзець на зробленыя крокі, пераўзыходзячы прадузятасці і закрытасці, якія з’яўляюцца часткай “культуры сутыкнення” – крыніцы падзелаў і пакідаюць месца “культуры сустрэчы”, якая вучыць нас узаемнаму разуменню і дзейнасці на карысць адзінства», — сказаў папа Францішак.
Пантыфік падкрэсліў, што чалавечыя слабасці і беднасць запавольваюць экуменічны шлях, таму неабходна больш актыўна маліцца, каб Дух Святы «сваёй ласкай, святлом і цеплынёй мог растапіць нашу холаднасць і весці нашы крокі да ўсё большага братэрства». Паводле Ватыканскага радыё
(AG)
|