Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа да кармэлітаў: ці ёсць сёння сярод вас тыя, хто жыве запалам і адвагай святых?
Святы Айцец
05.09.2013 14:03

Папа Францішак скіраваў пасланне на імя прыёра Ордэна Братоў Найсвяцейшай Панны Марыі з Гары Кармель а. Фэрнандо Мілана Ромэраля. Пантыфік звярнуўся да яго з нагоды Генеральнага капітула, які з 2 па 21 верасня праходзіць у Рыме.

Паводле Папы, у сучасным свеце, які часта закрывае вочы на Хрыста, заданнем законнікаў з’яўляецца ўсё большае яднанне з Ім. У гэтым «пакліканне ісці за Хрыстом і быць падобнымі да Яго», і яно «мае жыццёвую важнасць у нашым дэзарыентаваным свеце».

«Святыя кармэліты былі вялікімі прапаведнікамі і настаўнікамі малітвы. Гэта тое, што яшчэ патрабуецца ад Кармэля ў ХХІ ст. (...) У гэтым сэрца вашага сведчання: кантэмпляцыйнае вымярэнне ордэна, якім трэба жыць, якое трэба ўмацоўваць і перадаваць. Хачу, каб кожны з вас спытаў сябе: наколькі маё жыццё кантэмпляцыйнае?” — напісаў Папа. — Кармэліт без кантэмляцыйнага жыцця – гэта нежывое цела».

Пантыфік запрасіў законнікаў трымацца далей ад духу гэтага свету, які з’яўляецца ворагам малітвы, і заклікаў да «больш сціплага і пакаяннага жыцця, паводле вашай самай сапраўднай традыцыі, жыцця далёкага ад марнасці і крытэрыяў свету».

Паводле Святога Айца, місія кармэлітаў не адрозніваецца ад місіі Езуса. Папа дадаў, што сёння евангельскае пасланне часта не проста не прымаецца, але нават гвалтоўна адкідаецца, але перад абліччам гэтых выклікаў нельга забываць, што Той, хто кліча на місію, дае таксама адвагу і сілу. Па словах Пантыфіка, што на працягу гісторыі малітоўная традыцыя кармэлітанскага ордэна ўмацоўвала многіх яго членаў перад абліччам цяжкасцяў і нават смерці. «Я хачу спытаць зараз: сёння сярод вас ёсць тыя, хто жыве гэтым запалам, адвагай гэтых святых?» — звярнуўся да законнікаў Папа.

Паводле Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.