Папа Францішак звярнуўся да Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Уладзіміра Пуціна ў сувязі з пасяджэннем краін «Вялікай дваццаткі», якое пачалося 5 верасня ў Санкт-Пецярбургу. «Ведаю, што Расійская Фэдэрацыя прымала ўдзел ў гэтай групе ад самага яе стварэння і заўсёды выконвала пазітыўную ролю ў паляпшэнні кіравання сусветнымі фінансамі, якія глыбока закрануў крызіс», — напісаў Пантыфік ў спецыяльным пасланні. Папа нагадаў, што перашкодай у дасягненні вялікіх эканамічных і сацыяльных мэтаў, якія ставіць перад сабой міжнародная супольнасць, з’яўляюцца ваенныя канфлікты.
Па словах Святога Айца, гэтыя канфлікты ствараюць «глыбокія падзелы і рваныя раны, якім трэба шмат гадоў, каб залячыцца». Папа падкрэсліў, што, на жаль, таксама і сёння многія ўзброеныя канфлікты штодзённа прадстаўляюць драматычныя выявы беднасці, голаду, хваробаў і смерці. «Сапраўды, без міру няма ніякага кшталту эканамічнага развіцця», — дадаў Пантыфік.
Святы Айцец адзначыў, што сустрэча кіраўнікоў дваццаці краін не мае ў якасці галоўнай мэты абмеркаванне міжнароднай сітуацыі, аднак, паводле Папы, у яе рамках нельга «не разважаць аб сітуацыі на Блізкім Усходзе і асабліва ў Сірыі».
«На жаль, балюча канстатаваць, што многія асабістыя інтарэсы ўзялі верх з таго часу, як пачаўся сірыйскі канфлікт, перашкаджаючы знайсці такое вырашэнне, якое б спыніла бескарысную разню, якую мы бачым», — напісаў Святы Айцец і выказаў пажаданне, каб краіны «Вялікай дваццаткі» не заставаліся «інертнымі перад абліччам драмаў, якія ўжо на працягу доўгага часу перажывае дарагое сірыйскае насельніцтва і якія пагражаюць новымі цярпеннямі шматпакутнаму і патрабуючаму міру рэгіёну». Пантыфік заклікаў палітыкаў пераўзысці разыходжанні паміж сабой і адкінуць ідэю аб вайсковым умяшальніцтве ў канфлікт, пажадаў «з адвагай і рашучасцю» пачаць пошук мірнага вырашэння праз дыялог і перамовы паміж зацікаўленымі бакамі пры адзінадушнай падтрымцы міжнароднай супольнасці.
«Акрамя таго, маральным абавязкам усіх урадаў у свеце з’яўляецца спрыянне кожнай ініцыятыве, скіраванай на гуманітарную дапамогу тым, хто пакутуе з прычыны канфлікту ўнутры і па-за межамі краіны», — дадаў Святы Айцец.
«Спадзеючыся, што гэтыя разважанні змогуць стаць каштоўным духоўным укладам у вашу сустрэчу, малюся аб плённых выніках прац “Вялікай дваццаткі”», — гаворыцца ў пасланні. Папа папрасіў маліцца за яго і выразіў Прэзідэнту Расіі сваю вялікую павагу. Паводле Ватыканскага радыё
(AG)
|